Старонка:Наша сонца (1932).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

крыху адпачыў — сама каню аўса ўсыпала, хай конік паесьць, жвавейшым будзе: раньне прыдзе, нямаведама куды пагоняць і яго — канягу — і гаспадара.

Яна ня сьпіць. Ня першую ноч. Ды ці можа спаць беларуская жанчына ў такія ночы? — думаць яна будзе доўга, аж за поўнач, а сон заснуў, сон не ачнецца: думы-ж мацнейшыя! — —

— (Васіль Каваль! Ты ў сваёй «Крыніцы» пісаў: «О, вялікая, пакутная, беларуская маці-сялянка. Вечна хадзіла ў лапцях, з вечным клопатам аб другіх, блізкіх табе. Чым я цябе ўшаную? Ты — вялікая і ў сваёй любові да жыцьця не апетая на працягу дзён чалавецтва. Ты даеш пачатак новаму жыцьцю, што доўга будзе жыць і ў гэтым ты — бясьсьмертная».
Васіль Каваль! Ты сказаў тое, што сказаць няможна словамі, ты ўшанаваў беларускую — працоўную — жанчыну ня словамі, а душой слоў, бо: «ня ў слове справа, а для чаго слова гаворыць», як сказаў-бы горкаўскі Лука).—

— — Думы-ж мацнейшыя, да таго-ж — горныя. Яна зірнула на вакно: цемнач. Цемная цягнецца ценкай цыратай, палахлівым павоем агортвае горнасьць, гора, горач чаканьня. Цвыркун цырлікае — бы цурчыць цурок — (і вобразы могуць асоцыявацца: цемнач — цвыркун, цвыркун — цішыня).

І было: — сьвітаньнем сьлізотным (сонца схавалася за сопухай хмар) — сьлёзы салоныя, сурэпка слоў — адчайных.

— А божухна мой, маці заступніца, прачыстая дзева!

— А людзюхны-ж мае, што гэта парабілася, што-ж гэта сталася!

— Галубочак-жа мой! На каго пакідаеш мяне з дзеткамі дробнымі!

— Авохці-ж мне, няшчаснай!

Так: сьлёзы салоныя сьцелюцца, і сьлёзы сьлепяць вочы: зыркія зоры зьнікаюць. Так: словы суцешныя — сурэпка, адчайныя.

— Вярнуся, маці. Далёка не пагоняць — (а ў душы: хто-ж ведае, куды выпраўляюць абоз).