Старонка:Наша сонца (1932).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

Толік расшавяліўся. Ён, нечакана для самога сябе, звонка плюнуў.

— Гэта ня вашая справа.

Эна Карлаўна разьвяла рукамі. У габінэце мацней запахла жаночым — церпкім — потам, парфумай і віном.

— Наогул я-б ня раіла табе прыходзіць дахаты тады, калі ў мяне госьці. Ты — брыдкае стварэньне, ты абрыдзеў мне, ты мне перашкаджаеш… — Яна нават захвалявалася, голас афарбаваўся злосьцю (фарба-ж жаночай злосьці цьмяная, густая). — Ідзі, ідзі на вуліцу, там твае таварышы, а я рукі абмываю, вось што.

Толік усьміхнуўся. Было цёмна, а хацелася, каб гэту ўсьмешку ўбачыла Эна Карлаўна: для гэтага ён проста чмыхнуў — атрымалася соліднае «ха!»

— Сьмейся, сьмейся, нягодны мальчышка. Столькі часу змарнавала, каб зрабіць з цябе чалавека.

— А сама б…ш, — гіронічна кінуў Толік.

Эна Карлаўна была разьбіта ўшчэнт. Абураная яна ўскочыла з крэсла, падбегла да Толіка, учарэпілася за валасы, дзёрнула.

— Вось табе, вось табе! Паспрабуй крычаць толькі, дык яшчэ горш будзе.

Толік адбіваўся. А яна — вялізарнае тулава — ішла на яго, біла, тупа паўтараючы адно і тое-ж:

— Вось табе, вось табе!

Раптам яна крыкнула. Дзіка. На ўвесь пакой. У гэты-ж момант каля Толіка вырас Рубан.

— Уцякай!

Толік паімчаўся да дзьвярэй (бачыў: Эна Карлаўна грузка асела на падлогу), праз калідор, кухню, па прыступках — на двор.

Наверсе быў пярэпалах.

12

Ехалі.

Тарахцелі колы па даўна нячыненым шляху (каменьне павыварочана, тэлеграфныя слупы ўпоперак дарогі) — рытмічна хадзілі пад скурай конскай рэбры, дымілася сьпіна конская.