Старонка:Наша сонца (1932).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

Паабапал шляху — курганы сьвежыя, не пасьпела зямля патрэскацца на сонцы, паабапал шляху — магілы невядомых, нятутэйшых, з чужадальняй стараны.

Ехалі.

Потым-жа ня было пэўнае надзеі: даедуць да шчасьця, стрэне гэтае шчасьце ў дарозе (аджа — хто ведае, дзе блудзіць-ходзіць гэтае шчасьце), і не адзін чалавек, напэўна, думаў: можа шчасьце ў сьвежых курганкох закапана?

Ехалі.

Абагрэтыя сонцам (прымруж вочы і зірні так на сонца: крывёю налілося яно), абвеяныя пяском (пясок на бойнай дарозе — белы) і ветрам, абамытыя дажджамі (тымі, кірунак якіх войстрым кутом вызначаецца, — дажджы пад войстрым кутом бываюць дынамічнымі, войстрымі, як і кірунак, дажджы такія колюць цела, сякуць яго).

Як адпачывалі коні (тут-жа, пры дарозе), сядзелі моўчкі, унурыўшы ў плечы галовы, маўчалі ўпарта, бо перагаворана-ж было нямаведама колькі, бо ніхто-ж ня ведаў, якая наперадзе будзе дарога — ці скора канец ёй, ці не.

Як адпачывалі коні (тут-жа, пры дарозе), тады жанчыны ціха ўспаміналі тое, што пакінулі, ад чаго адарваліся, успаміналі ў соты, у тысячны раз.

— Потым неяк ажыліся на новым месцы…

— Жыць пачалі…

— Лепшага каня набылі…

— Кароўка ацялілася…

І аднойчы — прыстанкам — хваляй пайшоў па вазох жах. Было-ж вазоў няшмат — дванаццаць-трынаццаць — і хваля (яна ішла ад ззаду) неўзабаве дакацілася да пярэдняга:

ЧОРНАЯ ВОСПА!

На шасейнай дарозе (можа пад Магілевам, ці Бабруйскам, а мо’ пад Баранавічамі — гэта ўсё адно) узьнік новы курганок, на якім невядомая рука зрабіла з вецьця крыж. Чалавека з задняга возу — (быў гэты чалавек ростам з сажань, дужасьцю раздаліся ў бакі плечы, барада ў чалавека расла густая, нібы шчыр-бор, дый колер яе быў колерам зямлі) — абвярцелі ў посьцілку, посьцілка закрыла твар (чалавека ня-