Старонка:Наша сонца (1932).pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

можна хаваць з адкрытым тварам), а ногі засталіся неабверчанымі. Нязграбнае цела чалавека апусьцілі ў магілу, а яе — магілу — рылі сьпехам, вырылі няроўнай: чалавек нібы сеў адпачыць, так яго і засыпалі.

Людзі пайшлі да вазоў, не азіраючыся на сьвежую магілу, на хлапца, што застаўся ля гэтай магілы: вецер церабіў русыя валасы, лізаў твар, рукі і ногі. Пэўна таму, што быў вецер, ня было на вачох сьлёз — (а вочы былі празрыстымі, нібы вецер). Стаяў хлапец ля магілы, камячыў у руках шапку (пылам і дажджом беленую), раз-по-раз адганяў шапкай мушыну, а мушына — буйная, зялёная — важылася зноў сесьці на губу.

Людзі пайшлі да вазоў, паднапяліся коні — пыл закурэў (— пясок на бойнай дарозе белы). Задні конь матануў галавой — лейцы аслабла цялепаліся па бакох — пасігаў таксама, каб не адстаць ад вазоў. Людзі ехалі моўчкі, глядзелі пад ногі каню, не азіраліся — адзаду застаўся жах — чорная воспа! — застаўся жах, закапаны ў курганок: хто гэта ведае, ці можна жах закапаць, пахаваць, у зямельцы? — пэўне-ж няможна.

Хлапец — нібы спаў — узьняў галаву, зірнуў на дарогу, ірвануўся, пабег. Не дабегшы да тэлеграфнага слупа (шмацьцём на ім драты паабвісалі), прыпыніўся, абцёр рукавом успацелы лоб, павярнуўся.

Пясок па магіле засыхаў, засыхаў крыж з вецьця.

Хлапец пастаяў, шырокім узмахам рукі перахрысьціўся, як маці вучыла калісьці, бязрупатліва пабрыў уздоўж дарогі.

13[1].

Неяк людзі надумаліся — солідныя людзі ў замежных гарнітурах, купленых у часе навуковых падарожжаў у Нямеччыну ды іншыя краіны цывілізаванай Эўропы — каб

  1. Разьдзел 13 не патрэбен для аповесьці ў гэтым месцы. Але аўтар мяркуе, што чытач не адмовіцца прачытаць гэтае „лірычнае адступленьне“ менавіта цяпер, бо аўтару нявыгодна, каб яго палічылі за схолястыка і містыка.