Старонка:Наша сонца (1932).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

цебску, пасьля таго, як банкеты там ладзілі, (рыбак рыбака здалёк бачыў, наш вучоны прапанаваў замежнаму гасьцю:

— Праедземся разам з намі, даўно, пэўне, ня бачылі беларускіх загонаў.

Замежны госьць згадзіўся і экспэдыцыя распачалася.

Аднаго разу замежны госьць успомніў пра сымболіку васілька, і гэта было якраз у той момант, калі, яны пад’яжджалі да вёскі.

— Вы заўважылі, панове, на полі амаль ня відаць васількоў.

— Так, я гэта заўважыў… Прыкрае, ведаеце, зьявішча…

Ля плоту стаяў хлапец і, захінуўшы рукою вочы ад сонца, пазіраў на прыехаўшых.

— Як завуць гэтую вёску?

— Дзямідкавічы, — адказаў хлапец, зьдзівіўшыся, што людзі прыехалі ў вёску і ня ведаюць, у якую.

— А чаму гэта ў вас у жыце васількоў няма?

Тут ужо хлапец ня сьцерпеў: усьміхнуўся.

— Сартаваным засеена.

Пасьля гэтай размовы — вечарам — госьць пісаў артыкул аб тым, як зьнікаюць рэшткі самабытнай беларускай культуры, аб тым, што трэба як мага хутчэй вывучаць беларушчыну, бо яна гатова зьнікнуць зусім (рэдактар соліднай краязнаўчай часопісі гасьцінна прапанаваў адмысловы гонорар за гэты артыкул).

Неўзабаве дайшлі мэты экспэдыцыі — да раскопак.

Гэта быў вялізарны курган: нічога на ім не расло — пясок адзін, залізаны ветрам. Рыхтаваліся да раскопак шмат, а прышлося капаць — дакапаліся хутка.

Было крыўдна этнографу: апрача напоўзгніўшых трупаў, накіданых бяз жаднага парадку адзін на адзін, нічога не знайшлі.

Праціраючы акуляры, этнограф сказаў у роспачы:

— Нават няможна ўстанавіць час пахаваньня…

Маўчай і замежны госьць, — у кургану ён знайшоў кавалак крамніны, на якім быў зьбялены ад часу васілёк.