Старонка:Наша сонца (1932).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Доўга стаялі вучоныя над разрытым курганом і мерказалі, да якое эпохі беларускай культуры трэба аднесьці гэты курган.

Дарагі чытач! Я ня ведаю, да чаго дайшлі гэтыя вучаныя людзі, дый — нарэшце — ня ў гэтым справа.

Адно я ведаю:

засяваем поле сартаваным зернем;

у курганох — вялікіх і маладых — тлеюць косьці тых, хто пакутваў, хто біўся, за волю нашу, за ўладу нашу, за сонца наша.

14

Тады Рубан цьвёрда сказаў:

— Пойдзем у Менск. Кажуць, калі пайсьці па Скобелеўскай, раз завярнуць, другі, трэці, дык акурат у Менск патрапіш.

— А дзе ты будзеш заварачваць?

— Тут Рубан не знайшоў, што адказаць, а наступнае запытаньне зусім зьбіла з панталыку:

— Каля таго самага месца, дзе пазнанец з дзеўкай гуляў?

Рубан сьвіснуў. Гэтае азначала, што ён не здаволены скептычнымі распытамі Толіка, не здаволены тым, што ён — Толік — не разумее прапановы Рубана. Сядзеў Толік, спусьціўшы галаву паміж каленаў, рысаваў пальцамі на мяккай зямлі дзівосныя нейкія рэчы: рысы сяклі адна адну, вілаваціліся, круціліся. Рубан сьвіснуў у другое.

Толік адарваў вочы ад мудраватага рысунку, зірнуў на таварыша (твар Рубана быў смуглявым, тонкія русыя бровы адцяняліся на твары дужа выразна — бровы былі зьведзены ў адну — даўгую), усьміхнуўся бяз дай прычыны.

— Ты не кіпяціся, Рубан… Я мяркую, што калі мы застанемся тут, дык ліха ня міне. — Толік ўздыхнуў — (так уздыхаюць толькі дарослыя людзі, — адно: хто ведае, якімі гэта гадамі мерыць жыцьцё чалавечае трэба?). — Ці прасіцца зноў у немкі, каб хаця паесьці дала, ці шукаць брата… А дзе ты яго знойдзеш цяперашнім часам?