Старонка:Наша сонца (1932).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

да мацеры, да радзімы напісаць трэба: «Жывы і здаровы, чаго і вам жадам. Бяспрыменна ворага адолеем, патаму як мы ёсьць — Чырвоная Армія першая ў сьвеці».

Былі перапынкі, а ў іх: баліць струджанае цела; марыць чалавек соладка аб пругкіх дзявочых грудзях, і ў пераходах, паходах даўгіх мае чалавек права марыць аб жаночай пяшчоце, — у марах гэтых гартуецца надзея, а калі чалавек мае надзею — ён зробіць усё, ён пройдзе лясы і рэкі, твань і чвыр; пройдзе разам з чалавекам надзея; чалавек умее пераўзбройваць надзею, мару, а пераўзброеная надзея, мара робіць такое, якога ня зробіць іншы час чалавечы розум.

Былі перапынкі, а ў іх: прыбывалі на франты новыя тысячы тых, якім няма імя, аджа імя адно ўсім гэтым тысячам: комсамол.

І было так: —

Стаялі пад Барысавам. Пад Барысавам лясы густыя, а праз тыя лясы шлях-пуціну праклала, адагнаўшы па бакох дрэвы, Бяроза. У Бярозе — віры (ванцаковыя калодзежы). На беразе скамандавалі на прывал: заходзіла сонца, крывёю абліваючы вяршаліны дрэў; коні і людзі змарыліся: пахне зямля потам.

У атрадзе былі навакі: адзінаццаць маладых хлапцоў — комсамольцаў — нагнала ў дарозе атрад; чырвонаармейцы стрэлі іх дружна — у сям’ю сваю прынялі.

На прывале заняліся сваімі справамі. У той час як мылі парцянкі, стаўлялі лапікі, пяклі на вугольлі бульбу (хлапцы нажылі недзе) і вошы, чынілі збрую, купалі коняй — у той час да навакоў — яны трымаліся разам — падышоў камандзір.

— Змарыліся, хлопцы?

Маладзейшы — вочы калолі камандзіраву постаць — адказаў за ўсіх:

— Дармо, таварыш камандзір, прывыкнем.

Камандзір прачысьціў саломінкай мундштук, скруціў цыгарку, лёдзь прыкметная ўсьмешка нарадзілася — каб наступнай хвілінай сканаць — па куткох губ.

— Прывыкайце, хлопцы. Наша справа такая, што прывыкаць нахаду трэба. Мы нават да сьмерці прывыкаем.