Старонка:Наша сонца (1932).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

Толік узьняўся з зямлі, глыбака ўздыхнуў: затхай патыхалі сьцены лазьні; у пабітае вакно пазіраў змрок; дрынчэла мушына, заблытаўшыся ў павуціньні.

Шалёнымі гукамі (— лемантам, крыкамі, песьнямі, рогатам, стрэламі, конскім ірзаньнем —) пенілася мястэчка, і, здавалася — гукі гэтыя зьліваліся ў адзін шматгранны гук, акорд — акорд роспачы.

Ішлі аселіцамі, выбіваючыся на дарогу.

І ішло — без дарог — небам полымя, аднатаванае трэскам, рымстам, стрэламі, лемантам, галошаньнем, рогатам і плачам.

Ішоў Толік і маўчаў. Ён думаў пра тое, што няможна асуджаць «Мармыля», што Рубан жорстка з ім абышоўся, але — (балелі ногі, балела цела, смылела дробнымі струпамі, жывот падводзіла пад грудзі, у горле салоным камяком стаяў голад) — Толік ведаў, што ён-бы не зрабіў так ніколі, але Толік ведаў: касьцёр цёпла награе схаладалае цела, цёплая каша награе кроў, а чалавечая ласка — запаляе сэрца.

Рубан сьвістаў «яблычка».

19

У цемры вырас агеньчык. Ён міргнуў — ідзі! ідзі! — дый зьнік за ўзгоркам, каб зноў міргнуць зазыўна і прыветна, каб зьнікнуць. — Хутары былі блізка.

За крокаў шэсьць хісталася постаць Рубана. Ен сьвістаў. Раптам ён спыніўся, выцягнуў у ляноце — лянота пайшла сударгамі па целе — рукі і сказаў:

— Напіцца-б, у горле перасохла…

Пад нагамі танцаваў грунт, ногі мякка загразалі ў балацьвяньні. Яны ішлі заліўным лугам, — пахла паветра: чарнобыль, чарот, чабор, рута-мята (клясычныя расьліны! —).

— Тут, напэўна, ёсьць крыніца.

Рубан падаўся ў бок, праз колькі часу сьвіснуў. Сьвіст нарадзіў водгульле.

— Ідзі сюды, напіся.

Толік, падыходзячы, убачыў: ляжыць Рубан на жываце, жменяй ваду чэрпае і з прыхлёбам п’е яе. Крыніца малая — «акенца».