Старонка:Наша сонца (1932).pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

— Адно дрэнна — вада цёплая, а так — што піва!..

Толік здрыгануўся. З цемры — адтуль, дзе былі хутары, — пачуўся сковыт — нудны, адчайны, ён разьдзіраў душу — гэты плач.

— Сабака?

— Цётка мне некалі сказала, як жывой была, што сабакі выюць так на нябожчыка. — І ён зноў нахіліўся да вады.

У цішыні сковыт набываў сілу. Здавалася, што не адзін сабака вые, а сотні, тысячы. Плакала цішыня безьліччу водгульляў, на зьмену аднэй хвалі стогнаў нараджалася новая, яшчэ больш нудная, больш адчайная.

— Пі, Толік, — абціраючы аб порткі рукі, сказаў Рубан.

— Нешта расхацелася. Пойдзем.

Рубан засьмяяўся.

— За сэрца ўзяў сабачы плач? Кінь, Талалайка, нудзіцца! Прывыкай.

— Пойдзем.

На дарозе іх стрэла нечаканасьць. Упоперак дарогі ляжаў конь: набухла конскае чэрава. З брэхам разьбегліся сабакі. Яны пасталі на краі дарогі і цікавалі — відаць — прышоўшых.

— Праходзь, не азірайся, — сказаў ціха Рубан.

Конскае — пагрызанае — тулава засталося адзаду. Яны падыходзілі да хутара. Вароты былі расчынены. Навокала было пуста. Недзе ў полі выў, плакаў сабака.

Рубан пастукаў у шыбу. Цішыня дзвынкнула.

— Зойдзем у хату. Нехта-ж павінен быць.

Абагнуўшы хату, яны падыйшлі да дзьвярэй, стукнулі ў другое. Недзе ў полі выў, плакаў сабака. Рубан шпурнуў нагой дзьверы. Яны зарыпелі — танклява, нібы заплакала цялё. Рубан зрабіў крок і крута спыніўся.

— Бачыш?

У парозе ляжаў мярцьвяк. З вакна ішло бляклае — сухотнае — сьвятло: твар мерцьвяка ашчэрваўся цёмным правалам роту.

— Пойдзем адсюль, Рубан.

Выў, плакаў у полі сабака. У цішыні сковыт набываў сілу. Здавалася, што не адзін сабака вые, а сотні, тысячы.