Старонка:Наша сонца (1932).pdf/54

Гэта старонка не была вычытаная

Плакала цішыня безьліччу водгульляў — на зьмену аднэй хвалі стогнаў нараджалася новая, яшчэ больші нудная, больш адчайная.

20

Спустошаныя палі сьпявалі ночнай прахалодай — гарачы дзень прамінуў; запыленая трава пакрылася расой, буйной, нібы сьлёзы мацеры.

Наўпрост ляжала дарога. Яна патанала ў змроку: змрок ліўся лілёвай ракой, змрок заліваў неба — і небам тады плылі далёкія — здалёк чараўніча-залатыя — караблі-сьветы.

Ужо колькі дзён чулася страляніна. Недзе з правага боку — быў гасьцінец: сюды, на прасёлкавую дарогу, даносілася тарахценьне колаў, ператрушчаныя адлегласьцю галасы і песьні, а наперадзе — далёка (і здавалася часам: зусім блізка) — быў: фронт.

Цяпер яны ня спыняліся на начлег, а спалі тут-жа, пры дарозе, у траве. Цэлымі днямі ня елі. Ішлі наперад. Ні Рубан, ні Толік ня ведалі, што будзе на фронце, але ў галовах было шмат думак, што прымушалі ісьці наперад, і самай большай, самай галоўнай думкай было:

перацярпеўшы холад, гарачынь, голад і сыць,

падмяўшы нагамі палі, балаты, нязьлічоныя дарогі,

кінуўшы выклік сьмерці —

яны здолеюць дапамагчы там, на фронце.

Была ноч.

На гэты раз ішоў наперадзе Толік. Рубан маўчаў ужо шмат часу, нават не насьвістваў традыцыйнага свайго «яблычка». Толік ішоў і думаў пра тое, пра што думалася ўсе гэтыя дні, пра што думалася з таго моманту, калі да слыху пачалі даходзіць цяжкія ўздыхі гармат.

— Толя! —

Толік схамянуўся. Ня можа быць каб клікаў гэта Рубан: ён ніколі так не называў яго, дый голас быў нейкім нязвычайным. Ён павярнуўся: твар-у-твар з Рубанам. Гарачае дыханьне абдала Толікаў твар.

— Што ты?

— Не магу ісьці, ногі адзервянелі.