Старонка:Наша сонца (1932).pdf/55

Гэта старонка не была вычытаная

Голас быў чужым, дзіцячым — чуліся ў ім нявыразныя яшчэ, але глыбокія ноткі тугі, болю і плачу.

Рубан апусьціўся на зямлю — проста ў дарожны пыл. Толік сеў каля яго.

— Цісьне нешта, Толя, вось так — усю галаву…

Навокал была багатая аксамітная ноч: прахалодай павявалі прасьцягі, дарога патанала ў лілёвым — празрыстым — змроку.

Рубан часта дыхаў, грудзі пад кашуляй уздымаліся высака, пальцы церабілі кашулю. Толік паклаў сваю руку на Рубанаў лоб. Ён быў мокрым і гарачым.

— Табе горача Рубан?

Маленькае цела выгіналася на зямлі ад неадольнага нутранога болю. Рот крывіўся, бліскацелі — пустым бляскам — вочы.

— Піць, братцы, ой, як піць хочацца… Цісьне, Толя, вось тут… галава…

Толік адцягнуў Рубана ў траву, пабег шукаць вады. Адыходзячы ён чуў, як стагнаў, як скардзіўся на боль Рубан.

Была багатая аксамітная (лілёвай афарбоўкі) ноч, яле такія ночы. — —


— — Мне хочацца расказаць два факты. Папераджаю: яны — абодвы — мелі месца ў нас, у Савецкай Беларусі у 1931 годзе. Майце гэта на ўвазе, слухаючы мяне.

У адным з лістоў я прачытаў:

«Што рабіць мне ў гэтай справе (а справа: марна маладосьць мінае! — Б. М. ) — ня ведаю, наперад заглядаць баюся, і таму ня хочу. Няхай жыцьцё паклапоціцца аб гэтым, а я і так вельмі заняты: трэба-ж і выпіць, і закусіць, а ўсё гэта патрабуе часу. Дзе там ужо нам наперад заглядаць і намагацца зьмяніць цячэньне рэчаў: няхай яно будзе само па сабе, а мы самі па сабе»…

Быў такі выпадак. У габінет псыхіятрычнай клінікі ўвайшла маладая жанчына. Доктар наважыўся было агледзець