Старонка:Наша сонца (1932).pdf/59

Гэта старонка не была вычытаная

1

Ён ляжыць тварам угару, галава адкінута назад, рукі распласталіся па траве — адна — правая — ляжыць у вадзе, другая сударгава скамечыла завяўшы ўжо жмут чамярыцы.

Над ім ляжыць неба: спакойнае ў сваёй размашыстасьці, а гэтая размашыстасьць — бяскрайная блакіць — купаецца ў хвалях ракі.

Яго, напэўна, хацелі кінуць у раку (— цягнулі па зямлі — трава прымятая —), нешта — раптоўнае і непрадбачанае — перашкодзіла дацягнуць да вады: так вось і кінулі на беразе.

Уначы ішоў дождж — буйны, імклівы — і вада засталася аж да раньня ва ўпадзінах вачэй, на моцна сьцятых вуснах

Стаялі і маўчалі.

Ішлі купацца з рогатам і песьнямі, рушнікі паскручвалі — учынілі гэтымі рушнікамі бойку, каб целы разьмяліся пасьля сну. Хлопцы кпілі над Самайловічам — ня дужа любіў купацца — што ён абавязкова трапіць на топленіка, — Самайловіч, трацячы спакойны тон, агрызаўся ў адказ.

Раньне стаяла такое-ж маладое, як і тыя, што прышлі купацца. Маўчала — густа ўмасьленая расой — высокая трава. Спакойна ішла вада, аблізваючы берагі. Час-ад-часу падалі з алешніку кроплі, яны гулка шлёпаліся аб траву, фігурантна пабліскваў на сонцы расяны россып.

Кінуўшы некаму на рукі рушнік, Калесьнікаў — сьвіснуўшы — разагнуўся, каб кінуцца — у трусіках — у ваду з разьлёту. Ён пабег, а ўсьлед пасыпаліся жарты, рогат, улюлюканьне. І раптам напоўдарозе Калесьнікаў рэзка абарваў бег. За сьпіной выбухнуў рогат.

— Калесьнікаў! Ці не кракадзілу ўбачыў?