Старонка:Наша сонца (1932).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

— Тры раны цесаком, — агледзеўшы труп, констатаваў начальнік міліцыі. — Эх, і сволачы-ж!.. — Ён ужо гатоў быў вылаяцца, моцна, ад усяе сілы, каб адвесьці душу, але стрымаўся, махнуў рукой, і ад таго, што лаянка засталася ненароджанай — схмурнела аблічча, зыйшліся бровы, засталося прыкрае нейкае адчуваньне ва ўсёй істоце.

Забітага несьлі мястэчкам у райком.

Ля варот зьбіраліся абываталі, праважалі вачыма ішоўшых, перакідаліся меркаваньнямі — сусед з суседам. Ісакава жонка пад вялікім сакрэтам паведаміла Беневу жонку, што Караткевіч, бязумоўна, застрэліўся сам, і прычынай гэтаму — палец Ісакавай жонкі стрэліў угару — ні што іншае, як гарачая любоў да дачкі рабіна.

— Яна з ім гуляла…

— Ну, не яна гуляла, а ён гуляў, гэта зусім не адно і тое самае.

— Эт, вялікі мне клопат — ён ці яна. Адно я магу сказаць, што дачцы рабіна гуляць з гоем…

Але моральныя сэнтэнцыі суседак скончыліся нечаканым выпадкам. Па вуліцы бегла, заламваючы рукі, Роза. Спазмы сьціскалі горла, сьлёзы каціліся па твары — сьлёзы былі буйнымі, цяжкімі. Яна забылася на ўсё навакольнае, не зьвяртала ўвагі на крытычныя пакіўваньні галоў, на грэблівыя ўсьмешкі, на спачувальныя позіркі. Не зьвяртала ўвагі, бо было вялізарнае гора — яна ня мела сілы стрымацца, не хацела стрымлівацца: стрымаешся, схаваеш гора і яно — ня сьпіць-жа, а дбае! — будзе ціснуць мацней і даўжэй, пячы нутро нявымерным болем.

— Ну, ну, Розачка!..

— Усьцешыла старую мацеру, няма чаго казаць.

— Дачка прылічных бацькоў-яўрэяў! Ай-я-я!

Забітага паклалі ў чырвоным кутку. У пакоі засталося некалькі чалавек: іншыя разышліся хто куды — справы свае рабіць, уражаньні разносіць, рупіцца аб пахаваньні.

— Вораг, таварышы, блізка, — парушыў цішыню Патапенка.