Старонка:Наша сонца (1932).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

2

Да Стаходу трэба ехаць цягніком да маленькай станцыі (самотны лабаз, цёмная будыніна вакзалу, зьнясілена матляецца звон), з якой — згадзіўшы рамізьніка (а іх тут багата і згадзіць зусім ня цяжка) — прасёлкавымі дарогамі, памінаючы добрых і благіх продкаў, трэба трэсьціся на калёсах пяцьдзесят кілёмэтраў.

Трэба мець на ўвазе, што пяцьдзесят кілёмэтраў на стаходзкіх калёсах — гэта амаль тое-ж самае падарожжа па нязьведаных краінах, над апісаньнем якіх трацяць сваю развагу дзеці сярэдняга і старэйшага ўзросту. Будзьце ласкавы паехаць у Стаход са станцыі ўначы (а ўдзень гэта вам і ня ўдасца, бо стаходзкія рамізьнікі маюць зазвычай выбірацца на ноч): у вашым змораным дарогай уяўленьні паўстануць дзівосныя вобразы, пад кожным кусточкам вам будуць здавацца розныя (у тым ліку — і палескія) Рабінзоны, на пышным лісьце хвой (не рабіце страшкіх вачэй — менавіта хвой, бо дзе-ж на Беларусі растуць пальмы) будуць чылілікаць райскія птушкі, а напрыканцы падарожжа вы захварэеце на непрадбачаную медыцынай хваробу, імя якой — амок.

Наперадзе вазка сядзіць стаходзкі рамізьнік, портрэт якога даваць тут ня трэба: гэта той жа Беня-балагол — стары наш знаёмы — што вёз аднойчы Міхася Лынькова, а Міхась Лынькоў, захварэўшы па дарозе на дробнабуржуазны эстэтызм (як сьцьвярджае дыягноз доктара Бэндэ — захвораньне мясцовае), зрабіў з гэтага рамізьніка героя.

Вазок кідае то ўлева, то ўправа: рамізьнік мужна застаецца на сваім пасту — зьвесіўшы галаву, ён сьпіць. Конь ідзе спакойным крокам, выбіраючы больш роўную дарогу, конь ведае, што яго не патурбуюць — гаспадар будзе спаць аж да Забуднянскіх хутароў (пры пачатку гэтых хутароў — заезны двор).

Маўчыць ноч. Маўчаць бесклапотныя дрэвы, абступілі яны дарогу і бязудзельна пазіраюць на праезжых.

Анатоль ня можа заснуць. Дый ці можа спаць чалавек, якога чакае новае жыцьцё, новае месца, новыя варункі і