Старонка:Наша сонца (1932).pdf/63

Гэта старонка не была вычытаная

людзі. Так! Новыя людзі. Ад іх — ад людзей — залежыць бадай і ўсё іншае — і жыцьцё, і месца, і варункі. Ня сьпіць Анатоль, бо думы ходзяць вал за валам (для аматараў вобразаў заўвага: ніхто ня выкарыстаў роўналежнасьці — морскі вал і вал сена), думы концентруюцца на людзях, на тэй іх безьлічы, што прышлося бачыць, з якой прышлося працаваць.

Ад’яжджаючы Анатоль меў гутарку з Арансонам — Апоакругкому, які — хлопнуўшы яго па плячы — сказаў:

— Эх, таварыш Шастакоў! Думаеш — хочацца цябе выпраўляць у Стаход? Дый ты нам тут патрэбен, тут, у горадзе…

І, запальваючы дрыжачымі пальцамі папяросу, дадаў ужо цішэй.

— Але, там, Шастакоў, небясьпечны фронт. Ведаеш — балаты, лясы, глушыня… Ну, а работнікаў нямашака, хоць гвалту крычы. Моцных людзей няма, а тут вось яшчэ Караткевіча ўгробілі, зусім пуста. Караткевіч у нас рабіў там за чатырох, сьветлая галава, хлапец на вялікі палец быў…

Нэрвова біўся дым ад папяросы, нэрвова вылеталі словы з ахрыплага Арансонавага горла: у гэтых дзьвюх дэталях быў увесь Арансон — надзвычай добры прамоўца-агітатар, спрактыкаваны нэрвовай работай партыец.

— Моцных людзей няма, — гэтыя словы глыбака запалі ў Анатолёву сьвядомасьць, яны неяк акрылілі яго: у гэтых словах ён пачуў падмацаваньне сваім уласным сілам.

Ноч распусьціла свой машастовы веер (аматарам вобразаў заўвага: ноч зялёных і блакітных пераліваў можна параўнаць з хвастом паўліна), — а дрэвы маўчаць, маўчыць далячынь, маўчыць конь.

Сьвітаньнем былі ў заезным.

Заезны дом стаяў пры дарозе, абнесены нізенькім парканам, а вароты — новыя, яны пахлі яшчэ смалой — былі высокімі і шырокімі: нешта сьмешнае было ў гэтым спалучэньні нязграбных варот і нізенькага паркану.

У хаце народу было мала. За сталом — (заплямлены чаем і рукамі абрус) — сядзеў каранасты чалавек — з чатырохкутным лбом, пад якім гарэлі зялёныя вочы (цьвікі дый толькі).