Старонка:Наша сонца (1932).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

Гаспадар стрэў ля варот, спытаўся, як ехалася, якія навіны ў горадзе, папрасіў закурыць і тады ўрачыста — прыставіўшы напаўкружочкам руку да вуснаў — паведаміў:

— У вас ёсьць папутчыкі, весялей будзе ехаць. Стаходзкі сакратар… Вы, таварыш, чай будзеце піць?

Павіталіся. Вочы (цьвікі дый толькі) гарэлі цёплым гумарам, дый у гэтым агні была яшчэ нейкая — няўлоўная — прымесь: радасьць нейкая.

— У нас шмат работы, а людзей — адзін-два і ўсё тут.

— Мне аб гэтым Арансон сказаў. Але думаю, што актыў усё-ж скалоцім.

— Як-жа іначай! Моладзі поўнае мястэчка, але моладзь, ведаеш, такая… як табе лепш сказаць? ну, местачковая. Сам разумееш.

Пілі чай. Патапенка трымаў сподак усёй рукой, растапырыўшы пальцы, дзьмуў, надуваючы няголеныя шчокі, студзіў чай.
Бралася на ўсход сонца. Быў контраст: брудная шэрань заезнага дому і ружовае (кроў у малацэ) расьцьвітаньне раніцы.

У дарозе Патапенка расказаў пра забойства Караткевіча, пра забойцаў, яшчэ неадшуканых.

3

Раней гэта было ўрачыстасьцю. Праўда, што-кольвек ад яе — ад гэтай урачыстасьці — засталося і цяпер. Але скажэце на ласку, што гэта за ўрачыстасьць, калі нават стары Шолам — паважаны яўрэй — не адмаўляецца браць грошы, ліччыць іх, сварыцца з-за недаданага пятака ў суботны дзень.
Не! І Стаход рэволюцыянізуецца. Гэта можна заўважыць у дробязях, ня кажучы аб рэволюцыянізацыі вуліц (— шыльды, лёзунгі, палотнішчы).

Дробязі! Яны формуюць цэлае, монолітнае, галоўнае, яны формуюць жыцьцё. Дробязі! Яны родзяць новае — спачатку лёдзь прыкметнае, лёдзь улоўнае для няўзброенага вока, а гэтае новае расьце, дробязь + дробязь, — яны — гэтыя дробязі, — даведзеныя да бесканцовасьці, — нараджаюць