Старонка:Наша сонца (1932).pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

двуістасьць у тым, што было, што здавалася да зьяўленьня гэтага новага монолітным, двуістасьць супярэчнасьцяй: абалонка монолітнасьці — толькі чадра ўсходняй жанчыны.

Ахутаны дзедаўскімі звычаямі, што з любасьцю праносіліся праз гады, нібы тора ў руках прапаведніка, угрунтаваны мядзянымі падсьвечнікамі і падносамі, чыстымі сурвэткамі ў вечары пятніцы — быт у сям’і рабіна прашоў праз рэволюцыю незакранутым, монолітным. Рабін Калмановіч быў тым чалавекам, які ўмеў утойваць ад сям’і раптоўныя няпрыемнасьці, а іх — гэтых няпрыемнасьцяй — была безьліч, домінуючай адзінкай з якой было зьмяншэньне заработку. Дачка — Роза — аб гэтым ня ведала. Калмановіч ганарыўся мудрасьцю сваёй развагі, што аднойчы падказала яму так:

— Рабін Калмановіч! Калі ты хочаш, каб лёх твой быў сухім і цёплым, калі ты хочаш, каб хмары над домам тваім прайшлі без навальніцы, калі ты хочаш, каб дачка твая — адзіная дачка, рабін Калмановіч! — вырасла вартай годнасьці свайго бацькі — ты маўчы, ты не абурайся на тое, што робіцца навокал, ты рабі выгляд, што жыцьцё цячэ старым рэчышчам.

І Калмановіч гэта рабіў. Ён быў з выгляду спакойным, заўсёды мяккім і аднатонным. Ці стаяў ён каля ўсходняй сьцяны ў часе малітвы ў сінагоге — пачэснае месца, ці гаварыў на вуліцы з набожнымі яўрэямі, ці даваў парады, ці — нарэшце — вячэраў дома — ён быў аднатонным.

Але бывае так: чатырохкутнік вакна адкідае на сьцяну сьветлы стэрыотып; за вакном — на вуліцы — праяжджае воз, устаўлены бутэлькамі з півам; сонечныя промні вар’ююцца; па сьветлым стэрыотыпе бягуць зялёныя, чырвоныя, хмурыя хвалькі: — стэрыотып парушан законам пераламленьня промняў. Аднатоннасьць — зьявішча часовае.

Рабін Калмановіч, забыўся на закон пераламленьня промняў. Аднатоннасьць была парушана самым нечаканым, раптоўным чынам.

Эстэр у роспачы сказала:

— Твая дачка, Мэер, плакала па гоі. Мне пра гэта сказала Бенева жонка. Ты і цяпер будзеш маўчаць, Мэйер.