Старонка:Наша сонца (1932).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

Ішоў вечар у шэрым гарнітуры. Вечар быў ладным юнаком — прайдзісьветам — і ўсё навакольнае ўраз сваю ўвагу скіравала на яго. Вечар штукарыў, галузаваў. Вечар быў шляхетным.

— Ну? — перапытаў рабін Калмановіч.

Эстэр глядзела ў вакно. Яна бачыла, што навычвараў на вуліцы штукар-вечар — моладзь ішла гуляць, пара за парай, нібы ў фігуровым мэнуэце, але дзіўным было тое, што пары былі злучаны самым нечаканым чынам: хто-б гэта даў веры, калі-б сустрэў удзень на мястэчку Хаю Пэрэль — машыністку РВК — побач з шаўцовым сынам Айзікам!

— Ну? — у другое перапытаў рабін Калмановіч.
Эстэр павярнулася да яго, запанаваў на твары клопат, турботны — матчын — роспач.

— Вунь зірні, калі маеш ахвоту, — і яна ткнула рукой у шыбіну (— адказам быў тупы звон).

З-за фіранкі — ён прытрымліваў яе адной рукой — зірнуў рабін на вуліцу. Вочы ўраз набрылі на дачку — на ягоную дачку Розу: ішла яна самотна, воддаль ад вясёлага грудку моладзі.

— Ну?

Эстэр узлавалася. Гэта было відаць па тых лілёвата-барвянцовага адценьня плямах, што ў момант упрыгожылі твар.

— Хіба ты ня бачыш, Мэер, якая сумная твая дачка?

— Ша! — рабін узьняў рукі ўгару.

— А чаму маладой жанчыне пажурыцца няможна? Дзе гэта такі закон ёсьць?

— Эт, што з табой гаварыць. — Лілёвата-барвянцовыя плямы пачалі блякнуць. — Бенева жонка Соня казала, што як хавалі гэтага самага Караткевіча, каб яму лёгкай зямля была, дык Роза траха ў магілу не ўвалілася. Шэйна казала Соні, што Фаня Рузіна казала яе дачцы Песі, як Іда Абрамаўна бегала ў аптэку да Сары Сапожнікавай за валер’янкай для…

— Уух! Шэйна казала Соні, Соня казала Фані, Фаня казала Песі, — ня сьцерпеў рабін Калмановіч. — Ну, і што, што з гэтага выцякае?