Старонка:Наша сонца (1932).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

— Ой, Мэер, я бачу, што ў цябе мазгі выцякаюць. Ты, Мэер, асьлеп, не на людзях кажучы. Убі сабе ў галаву, што Роза ад рук адбілася, мне сорам па мястэчку прайсьці. Усюды, усюды гавораць пра мой няшчасны лёс!…

Эстэр да такой стэпені расхвалявалася, што доўга не магла патрапіць рукой у кішэню, каб знайсьці насоўку і абцерці сьлёзы.

Мэер задумаўся.

Ён пайшоў у суседні пакой, бразгануў умывальнікам, доўга абціраў рукі. Пасьля гэтага, узяўшы маліцьвеньнік, ён сказаў безапеляцыйным тонам:

— Добра. Я заўтра пагавару з Розай. Запалі лямпу.

Хістаўся ў маліцьве рабін. Хісталася лямпа. Хісталіся цені.

4

Навіна — (ад Менскай вуліцы, дзе жыў Беня-балагол, яна завярнула на Аптакарскую, трапіла на рынкавы пляц, папаўзла, нібы вусень па дрэве, перавулкамі і завулкамі) — усіх зацікавіла.

Цяпер, сустрэўшыся ля вазоў, гаварылі так:

— Добры дзень, Шэйна.

— Здаровенькі былі! Нешта дорага сёньня масла. Ліхія часы наступаюць…

— Эт, аб чым гаварыць, Шэйна! Масла дорага, недакупішся. — Паўза. Прыкры рух рукой. — Ды што масла! Вось людзі і тыя дзешава каштуюць.

— Чаму вы так кажаце, Соня? Няхай бог усьцеражэ нас.

— Я кажу пра Караткевіча.

— Hy?

— Вось я і кажу — забілі яго, а новага прыслалі на яго месца. Самі людзі і на сьмерць ідуць.

— Новага прыслалі?

— Так, прыслалі. Сёньня прыехаў.

Навіна ішла з хуткасьцю пажару. Увечары ўсё мястэчка павысыпвала на вуліцу, каб пачуць больш пэўныя весткі аб прыехаўшым, каб угледзець яго.