Старонка:Наша сонца (1932).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

Вырашалі проблему:

— Яўрэй ён ці рускі?

— Беня казаў, што няможна зразумець. З твару — рускі, але-ж гаварыў з Бенем па-яўрэйску.

— А што значыць — з твару? Хіба ў яго напісана на ілбе ці што?

— Але-ж відаць.

— Эт, відаць! Пажывём, убачым.

Чаканьні цікаўных ня спраўдзіліся. Прыехаўшы не прайшоў тым вечарам па местачковых вуліцах.

У адзін голас вырашылі:

— 3 гонарам.

— Гарадзкі.

У гэты-ж самы час, у цесным пакойчыку Патапенкі ішла гарачая гаворка. У пакоі было пяць чалавек — райкомаўцы. Сваволіў самавар. Яму падпяваў яшчэ гарачы хлеб: ён пыхцеў над нажом.

— Комсамолу тут шмат працы. Мястэчка вялікае, раён ладнаваты. А вось комсамольцаў у нас — як таго гароху на каменьні.

— Колькі ў местачковай ячэйцы?

Даведкі даваў Андрыенка. Ён прыкладаў сярэдні палец да ілба, прыжмурваў вочы і адказваў:

— Было дваццаць адзін чалавек. Аднаго трэба лічыць выбыўшым.

— Малавата, малавата. Ну, а як з дысцыплінай, з культурным, політычным разьвіцьцём?

Андрыенка на гэты раз адказаў неадразу. Яго унівэрсальны пратакол — галава — страціў у гэтым месцы сваю дакладнасьць.

— Дысцыпліна, кажаш ты? Трэба сказаць шчыра: з дысцыплінай — алох. Гэта бадай першачарговае пытаньне, што трэба вырашыць.

Патапенка дадаў:

— Было некалькі выпадкаў простага хуліганства. Яшчэ і цяпер прыходзіцца расхлёбваць. Нават справа да нас дайшла. Але… у мяне такое ўражаньне, хлопцы, што Шастакоў не вячэраў.