Старонка:Наша сонца (1932).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

Анатоль тымчасам рыхтаваўся да сходу. Гэты сход павінен быў вырашыць багата пытаньняў: ад яго залежыла праца ячэйкі, а галоўнае — рост яе.

— Ведаеш, Патапенка, яшчэ сам не ўяўляю, як павесьці сход, — казаў Анатоль. — Адно толькі ведаю, што ад сходу трэба ўзяць усё, што можна, зрушыць справу з мёртвай кропкі трэба.

— Як павесьці, будзе відно. Абы ўпэўненасьць у патрэбе гэтага сходу.

Адзін за адным сыходзіліся ў нардом. Андрыенка перапыняў кожнага прыйшоўшага ля дзьвярэй, цягнуў да стала, соваў у рукі аловак і — падштырхваючы — казаў:

— Зарэгіструйся, братка. Прозьвішча і імя, дзе працуеш.

— А як па бацьку?

— Бацьку з маткай можаш сабе пакінуць. Гэтага ня трэба.

Прышоў Мікола Длугач. Ён быў у чорным гарнітуры, у белай кашулі з мяккім каўнерыкам, нядбайна выпушчаным напаверх. Гэты белы каўнерык надаваў усёй постаці Длугача нейкі асаблівы выгляд: буйны — рымскіх абрысаў — нос, тонкія, нібы жаночыя, губы, бязладзьдзе расчэсаных угару русых валасоў, — усё гэта было неяк падпарадкавана беламу мяккаму каўнерыку, нядбайна выпушчанаму напаверх. Прышоў Мікола Длугач не адзін. Разам з ім прышоў сьмех, прышлі галасы чатырох дзяўчат. З іхным прыходам абстаноўка неяк ураз зьмянілася: зрабілася весела, цесна, шумна.

— Длугач, цябе Шастакоў кліча.

— Дзе ён?

— У чытальні. Ідзі хутчэй.

Адчыніў дзьверы. Чытальня была пустой. Ля вакна, сьпіной да яго, стаяў новы сакратар райкому, пра якога Мікола чуў шмат, але якога яшчэ не пасьпеў убачыць.

— Добры дзень.

— Анатоль павярнуўся, працягнуў руку.

— Я бачыў праз вакно, як ты ішоў з дзяўчатамі. Мяне гэта дужа зацікавіла.