Старонка:Наша сонца (1932).pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

— Што менавіта цябе зацікавіла? — ня ведаючы, як зразумець сакратаровы словы, перапытаў Длугач.

Анатоль ледзь прыкметна ўсьміхнуўся. Длугач хацеў стрымацца, але гэта не ўдалося: ён усьміхнуўся таксама.

— Мы падумалі, відаць, адно і тое-ж. Не, не дзяўчаты мяне зацікавілі… Гэта ня так важна… Вось ты з імі неяк абыходзішся лёгка… Трэба гэта выкарыстаць.

— Ну?

Анатоль бачыў, як паволі чырванее Міколаў твар. Як кладзецца па куткох губ вінаватая нейкая ўсьмешка.

— Ды, як я бачу, ты не разумееш мяне, — засьмяяўся Анатоль. — Трэба выкарыстаць у тым, сэнсе, каб дзяўчат уцягнуць у ячэйку. У нас-жа ніводнае няма. Толькі трэба асьцярожна. Нам трэба самае лепшае, самае здаровае. Вось было-б нядрэнна, каб сёньня на сходзе да нас у ячэйку падала заяву якая-небудзь дзяўчына.

Мікола зарагатаў:

— Ну, таварыш Шастакоў, ты-ж і можаш страху паддаваць. А я ўжо думаў, што табе нагаварылі на мяне нямаведама чаго. Чысьціць мяне ўзяўся. А наконт дзяўчат гэта можна. Я гэта зраблю.

— Толькі вазьмі ў апрацоўку такіх, якія нам карыснымі будуць.

— Добра, добра, я гэта зраблю.

Убег Самайловіч.

— Братцы, давайце пачынаць. Восьмая гадзіна ўжо.

— А комсамольцы ўсе?

— Самайловіч разьвёў рукамі.

— Дзе там усе! З дваццаці толькі чатырнаццаць.

— Пойдзем пачынаць.

Калі сярод прыйшоўшых, што бяз жаднага парадку расьселіся па пакоі, вырасла постаць Шастакова — высокі, з прыгожым тварам (энэргічныя сінія вочы пад дужкамі шэрых брывей) — ён адразу завалодаў увагай усіх прысутных, тады ўраз сьціхлі, абарвалі гаворку на сярэдзіне, наважыліся слухаць.

— Таварышы! Шэсьць комсамольцаў ня прышло на сёнешні сход. Я думаю, што аб іх трэба паставіць пытаньне