Старонка:Наша сонца (1932).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

на бюро. Ячэйкі даўно ня было, сходы нячастыя, і ня варта багата разважаць аб прычынах, якія перашкодзілі ім зьявіцца на сход.

Самайловіч, перагнуўшыся праз сьпінку крэсла, шаптаў Андрыенку:

— Ой, братка, навошта ён гэта кажа? З гэтага сход пачынаць няможна.

— Маўчы.

— Цяпер, калі перад нашай організацыяй, перад нашай ячэйкай на ўвесь рост паўстала пытаньне аб большай гнуткасьці ў працы, мы павінны асабліва войстра паставіць пытаньне аб дысцыпліне. І ня толькі, таварышы, мы яго ставім, мы яго павінны вырашыць і вырашаем. Наш аўторытэт, аўторытэт комсамолу, формуецца нашай зьяднанасьцю, нашай адзінасьцю ў працы. А без дысцыпліны пры нядбайнасьці да выконваемае работы — гэтай адзінасьці ня будзе. Перад намі паўстала яшчэ адно пытаньне, — казаў далей Шастакоў: — Гэта пытаньне тычыцца нашай стаходзкай ячэйкі ў значна большай ступені, чым усе іншыя пытаньні. Мы абвяшчаем барацьбу за рост нашых шэрагаў, за прыліў у шэрагі комсамолу лепшай часткі беспартыйнай моладзі.

Длугач казаў да Жэні:

— Слухай, Жэня, ты павінна ўступіць у ячэйку.

— Гэта гарыць? — гэтак-жа ціха пыталася Жэня.

— Ды не гарыць, а ведаеш… — моцна сьціснуў руку… — Так лепш будзе. Я цябе…

— Мацней любіць будзеш?

Длугач змоўк. Потым, лучыўшы спадручаны момант, сказаў зноў:

— Дый пра што, Жэня, казаць. Ты-ж у нас самая актыўная, самая баявая. Здаецца, сама не адзін раз аб комсамоле думала… А я, Жэнь, мацней любіць буду… усё-ж свая, комсамолка.

— Ну, ты… слухай лепш.

Пасыпаліся запытаньні. Пыталіся рознае: як у гарадзкіх ячэйках з дысцыплінай, чаму шэфства для абмену практыкай няма, ці організуюць дыспут пра комсамольца ў быту,