Старонка:Наша сонца (1932).pdf/76

Гэта старонка не была вычытаная

Андрыенка прачытаў:

— «У комсамольскую ячэйку мястэчка Стаход. Заява».

— Ой, Жэня! — штырхнула яе суседка. — Ты ў комсамол паступаеш? А што цётка скажа?

— Што яна скажа? Хіба я не сваім розумам жыву?

Праз крэслы прабіраўся да яе Шастакоў. На твары была цёплая вясёлая ўсьмешка, ёю-ж — гэтай усьмешкай — гарэлі вочы. Ён схапіў Жэню за руку і, ціснучы яе, сказаў на поўны голас:

— Цісну руку, бо гэта першая комсамолка, першая дзеўчына, што не пабаялася… цёткі!

Яго словы захлынуліся ў гулкіх воплесках і рогаце.

6

Калі-б Калмановічу сказалі, што ў пятніцу яму ня прыдзецца есьці фаршыраванай, туга нашпігаванай цыбуляй і перцам, рыбы, калі-б яму сказалі, што ягоная ўласная жонка Эстэр, выпрабаваная за трыццаць гадоў сумеснага жыцьця, упадабала маладога мужчыну і кінула ягоны дом — дык і тады-б Калмановіч ня зьдзівіўся, ня страціў-бы свайго спакойнага, аднатоннага выгляду.

Дый ці можна параўнаць з гэтым тое, што ўчуў толькі-што рабін Калмановіч? Ці можна паверыць, што вушы недачулі, вочы недаглядзелі? Не! Хочаш — ня хочаш, а паверыць прышлося.

— Хай сьцеражэ бог, Мэер. Але што гэта будзе, калі дзяўчаты ў комсамол папісаліся? Аб гэтым трэба падумаць.

— Так, аб гэтым трэба падумаць, — падмацаваў рабін Калмановіч, і, ашчарэпіўшы рукамі галаву, пачаў думаць.

Сусед сядзеў насупраць. Сусед спадзяваўся на розум рабіна, верыў у яго, як у самога сябе. Ён і ня ведаў, якое выйсьце знойдзе рабін, але выйсьце знайсьці трэба абавязкова — гэта сусед ведаў добра.

— Гэта яшчэ палова бяды, Мэер, калі хлопцы пішуцца. Ну, яны самі сябе гаспадары, нічога не парадзіш. Але, Мэер, дзяўчаты.

— Так, дзяўчаты, — пакіўваў галавой рабін Калмановіч.