Старонка:Наша сонца (1932).pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

сьпіну, чалавек ашчэрвае ў злыдушным рогаце рот. Калмановіч усхапіўся. У хаце нікога ня было. На вуліцы, пад самым вакном, стаяла Эстэр з Шэйнай, пра нешта ціха перагаварваліся.

Рабін падышоў да вакна.

— Эстэр — паклікаў ён жонку. — Хадзі ў хату.

І тады, як ля дзьвярэй вырасла маленькая пагорбленая жончына постаць, у істоце Калмановіча другая існасьць канчаткова перамагла першую.

— У пятніцу, — сказаў Калмановіч, — трэба прымаць гасьцей. Няхай Роза павесяліцца з таварышкамі. Я хачу, каб у нашай сям’і панавала весялосьць. Трэба, каб была поўная хата маладых, каб было весела, Эстэр.

Жонка стаяла ля дзьвярэй, прымарожаная нечаканым рашэньнем рабіна, стаяла старая Эстэр і пазірала на мужа, а ў вачох вырасьлі —

— ??

Калмановіч правёў рукой па машастовай зялёнага колеру сурвэтцы, разгладзіў складкі.

— Трэба ратавацца, Эстэр. Я — яўрэй, і для мяне ўсе яўрэі — яўрэі. Трэба ратаваць іх.

Трагічным быў голас рабіна, трагічным быў цень рабінавае постаці, што — пераламіўшыся — лёг на сьцяну і столь, але гэтага не магла зразумець старая Эстэр, бо гардэроб умоўных чалавечых пачуцьцяў местачковаму жыхару невядомы. Аджа трагічнасьць — зьява адносная, бо я ведаю, што зайздросны позірк Бэрнарда Гэтцке выклікае ў часткі гледачоў сьлёзы спачуваньня, а іншым — у тым ліку і мне — хочацца дзёрзка рагатаць над кволасьцю застарэлага буржуа-лёвэласа: дык ці-ж у часе кіносеансу распачынаць спрэчкі аб жанры, аб амплуа Бэрнарда Гэтцке?

Гэта мы, чытач і аўтар, можам уявіць сабе трагічнасьць рабіна Калмановіча: чорны цень, пераломлены на сьцяне і столі, даўгая, шызая шыя, войстры вырыс твару з чорнай мяккай барадой; у вачох захаваўся празрысты адлюстровак турботы і… мне хочацца рабіна Калмановіча ў гэты момант параўнаць з Ісусам Хрыстом Врубэля.