Старонка:Наша сонца (1932).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

— У ангельцаў ёсьць добрая прыказка. Рэчы столькі гадоў, на колькі яна паказвае…

— Ну! Гэтая добрая пагаворка якраз і ўгробіла твае аргумэнты.

Утраіх яны пайшлі ў сталоўку. Па дарозе Жэня расказвала аб тым як задумала яна мэханізаваць кравецкую майстэрню, як цяжка пераканаць райвыканкомаўцаў, каб адпусьцілі на гэтую справу грошы. Жэня расказвала, падмацоўваючы словы свае энэргічнымі рухамі і звонкім — гуд бубнаў — рогатам, ад якога рассыпаліся ў розныя бакі курыцы, што дагэтуль спакойна і рупліва разграбалі нязьмеценае яшчэ, сьвежае сьмецьце.

8

Восень стаіць цёплая. Паветра пахне мускатам, такім, што кружыць мяккім вальцам галаву, бродзіць кроў ад гэтага восеньскага водыру, нібы віно. І як людзі — п’янеюць туманы, яны густой пенай асядаюць па юрох, за імі — туманамі — хаваюцца лысіны юроў, туманы асядаюць тлустым накіпам, а калі сонца абудзіцца — вар’ююцца яны, рассыпаюцца ў прасторах кор-дэ-балетам, каб наступнай ноччу зноў зьбірацца на бяседку — пракаветнымі рыцарамі — наўкола нязьлічоных сталоў — лысін юроў.

У мястэчку-ж восень куды бяднейшая за тую багатую сястру сваю, што асталявалася на палёх, наўкола мястэчка. У мястэчку восень аднатоўвае сваё бытаваньне выпарэньнямі лужын, пасохлымі трупікамі кляновага лісьця, галузваньнем сьцяжкоў, якімі ўпрыгожаны чырвоныя абозы, сьмяротнай хваткай мух у сталоўцы — дармовая прыправа да абеду з апенак.

Восень стаіць цёплая. Хіба можна паверыць, што надыходзіць бабіна лета, калі стаіць гэткая пагода? Млоснасьцю кладзецца на целы сьпека — лезь у раку дый сядзі ў ёй дзень цэлы. Але рака… Рака дбае аб восені: іржой лісьця скрозь вада ўсеена, вада сьцюдзёная, гусіным пупышкамі паробіцца скура — бррр!

Сонца густым алеем льлецца па зямлі, сонца плавіцца на зямлі, нібы на вялізарнай патэльні.