Старонка:Наша сонца (1932).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

У рацэ халодна, на зямлі горача, ну, а калі ўзьлезьці куды-небудзь высака-высака, у паветра — цікава, як там — горача ці не?

— Ведаеш што, Мотка? Узьлезем на царкву. Там дах гэтымі днямі фарбавалі, драбіны стаяць.

Мотка насоўвае на вочы шапку — як лез учора на ігрушыну, дык страціў брыль, але такі ўцёк ад крываногага Лёўкі, — узіраецца ў зялёны дах царквы: гарыць дах сьвежай фарбай, аж вочы сьлепнуць ад зыркасьці.

— Лезем, ну! Гасьцілавіцкі гасьцінец увесь чыста відаць адтуль, чырвонага абозу чакаць будзем.

Сябры, шлёпаючы па цёплых, густых лужынах, ідуць да царквы. Драбіна высокая, старчаком стаіць, і, здаецца, ледзь ня валіцца. Але хіба гэта страшна? Эт, ці мала што здаецца людзям. Першым палез Рыгор. Счакаўшы хвіліну, падаўся за ім і Мотка, а праз колькі часу яны ў салодкім задаваленьні ляжалі на гарачым даху.

— Вялікі, я чуў, абоз пойдзе з Гасьцілавіч. Вазоў пяцьдзесят.

— Тое самае, што і з Ніўскім будзе. Чакалі, чакалі, аркестру выправілі аж за мост, а яны з Луцаўшчыны прыехалі, другой дарогай. Музыканты праз усё мястэчка навыперадкі беглі сустракаць.

— Ну і што?

Рыгор працэджвае праз зубы сьліну і толькі пасьля гэтага з глыбокім сэнсам акту кажа далей.

— Ну і нічога. Пасьпелі даехаць да коопэратыву, пакуль яны прыбеглі.

Мотка хоча дайсьці да кораня справы:

— А як ты думаеш, Грышка? Калі-б музыканты бяз труб беглі, дык пасьпелі-б дабегчы?

На гэткае складанае запытаньне адразу не адкажаш, трэба ў важыць усе, што да моманту, акалічнасьці і тады…

— Чаго гэта вас паўзьбівала туды, халера на вашую галаву? Злазь далоў, каб з цябе ўжо вантробы лезьлі!

Пытаньне засталося без адказу. Мотка ня кратаўся з месца. Рыгоравы вусны зьбялелі. Ён паволі ўстаў і пайшоў да драбіны.