Старонка:Наша сонца (1932).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

— Лезем, братка, нічога ня зробіш, нарваліся, — і ён — неспадзеўкі — паскроб за вухам.

Зьлезьлі. Не пасьпеў Мотка ступіць на зямлю, як нейчае вялізарнае тулава ўсім сваім цяжарам абвалілася на яго, войстра загарэўся твар ад важкай поухі — і нібы водгульле — гэтаму войстраму болю, што апанаваў твар, азвалася ўсё цела, потым усё зблыталася, адчуваньні перапынілі фіксацыю болю — ён быў па ўсім целе.

— Дзядзечка, а дзядзечка, ратуй, мілы, б’е ён Мотку, — праз сьлёзы прасіў Андрыенку Рыгор, цярэбячы ягоны рукаў.

Надта сьпяшаецца вёрткі Андрыенка — працы нямаведама колькі. І так з абедам апазьніўся — напэўна, там возчыкі на дарозе чакаюць.

— Каго б’е? Хто б’е?

Цягне яго хлопчык, абліваючыся сьлязьмі, — «Што гэтак узяло яго?». Ён паварочваецца, глядзіць у напрамку да царквы, куды паказвае хлапец, прышчурвае вочы і… ён убачыў.

— Ііх, п’яная морда!

Моцным штыршком адкінула азьвярэлага чалавека, пахіснуўся — спрэс п’яны — і паваліўся.

— Я яму пакажу, жыдзяню пархатаму, як храм сьвяты паганіць! Я выб’ю з яго…

Андрыенка — два пальцы ў рот — сьвіснуў. Ужо іх убачылі, бегла з розных бакоў колькі чалавек.

— Жыдоўскі абаронца, хрыстапрадавец! — лемантаваў у лужыне п’яны стараста царквы, б’ючы сябе па грудзях. — Ты думаеш, на цябе ўправы ня знойдзецца, касамол ты саплівы!

Ляжаў зьбіты Мотка: на твары настывалі струпы, булькатала паветра ў горле, з кутка вуснаў цякла дробнымі кроплямі, сьцякаючы на зямлю, кроў. Доўга не разважаючы, схапіў Андрыенка Мотку і пабег у амбуляторыю.

Хваляваліся людзі.

— Эт, даў з пару таўхалёў, няхай ня лезе.

— Але-ж гэта не за старым часам?