Старонка:Наша сонца (1932).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

— Адкусілі яны кавалак гэтае самае царквы, ці што? Стаіць-жа на месцы!

Мястэчкам бегла Моткава маці, учуўшы пра здарэньне, як завіналася ля печы. Вось-жа з хвастачом у руцэ, з падаткнутай спадніцай, перасякала яна местачковы пляц, крычучы на ўвесь голас:

— Айяй! Халера на тваю галаву, каб на цябе ўжо астатні раз вады нагрэлі, каб костачкі твае сабакі парасьцягалі, каб…

Арбітражам здарэньня былі — пахілыя, пашарпаныя хаты стаходзкія дый насельнікі іхныя — коснасьць і тупасьць, пранесеныя, нібы тора ў руках прапаведніка, праз стагодзьдзі.

9

Вастраносая Фаня стрэліла вачыма у свайго кавалера. Піня Розін скрыпнуў ад здавальненьня наваксаванымі ботамі — так б’е капытам заводзкі жарабец, калі адчуе спакусны позірк кабыліцы — і сказаў, перасыпаючы местачковы жаргон моднымі слоўцамі:

— Фаня, пойдземця да Калмановічаў на журфікс, мяне бяспрыменна прасілі прысутнічаць.

— Ах, як замічацельна, ах, як біспадобна! Міне таксама скомпромэнтавалі прыйсьці, — і яна залілася салодзенькім рахтаньнем.

— Дазьвольце вас на буксір ўзяць, таварыш Фаня, — бяручы яе пад руку, адказаў далікатны кавалер.

І ў паветры — густым ад водыру танных духоў, ад «букетаў бабушкі», ад «цьвет загар», ад церпкага паху жаночых падмышак і разапрэлых шкарпэтак «в нікакую клетку» — плавалі ў паветры сьліўкі культ-уух-уурнага росту стаходзкага «вышэйшага сьвету»:

— Ізя, будзьце такім добрым, пакажэцэ нам новы фокстрот!

Ізя ў модных ботах — (насок «шымі»), з вялікім блакітным бантам замест гальштука, з нядбайнай самаўпэўненасьцю выкідаючы проста перад сабой рукі, адказвае:

— Цяпер фокстроты ня ў модзе, цяпер танцуюць чарльстоны…