Старонка:Наша сонца (1932).pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

будуць гвалтаваць нашых дачок?! Што будзе з нашымі дачкамі, калі яны захварэюць на хваробу, імя якой — распуста?! Якія будуць нашы нашчадкі, яўрэі?!

Розе зрабілася кепска. Яна рэстаўравала ў памяці свае сустрэчы з Ігнасём Караткевічам… Ой, бацька, стары бацька! Ты ня ведаеш, якім гарачым каханьнем было каханьне гэтага «гоя»!.. Роза зьбялела. Роза наважылася ўстаць, усхапіцца, хацелася крыкнуць вось тут, перад усімі, у твар свайму роднаму, так, роднаму бацьку:

— Не мані, стары яўрэй, не мані! Ты ня ведаеш, якое шчасьце абмінула тваю дачку! Дзе табе, старому, разумець гэта… Плач, стары яўрэй, над горам сваёй дачкі, плач разам з ёю!..

Навокала загармідарылі.

— Валер’янкі дайце! Вады, вады!

— Мужчыны няхай выйдуць! Расшпілеце сукенку…

— Што з ёю? Адчынеце вакно хутчэй!

Хударлявая постаць над зялёным полем стала раптам пачала тлусьцець, пашырацца, зрабілася вялізарным камяком; гэты камяк зашавяліўся мноствам ножак рознай велічыні, ножкі растуць па столі, па сьценах, па…

— Ай!

Рыжы волат-павук ледзь варочаецца ў чатырох сьценах пакою, а ягоныя ножкі, ногі, нажышчы ўпіваюцца, нібы цьвікі, у сьцены, у столь, у падлогу — яшчэ адзін момант і захістаецца хата, трэсьне, пасыплецца штукатурка, вылузьнецца з грубкі жвавы агеньчык — і па агні будзе баляваць таўсты, рыжай тлустасьцю наліваны, павук.

Шклы акуляр нацэліў доктар Палешук на гадзіньнік, правяраючы пульс.

— Схадзеце на кватэру, жонка дасьць камфару…

Роза білася ў незразумелым для доктара нэрвовым прыпадку, — за заслонай гэтага прыпадку — у змораным уяўленьні, у існасьці падсьвядомых сьветаў — варушыў ножкамі, нагамі, нажышчамі павук-волат, аплятаў маленькае Розіна цела.