Старонка:Наша сонца (1932).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

10

У сьмецьці — жывыя істоты. Сьмецьце жыве сваім адмысловым жыцьцём. Сьмецьце можа слухацца чалавечага голасу, пацяшацца, зьдзекавацца над чалавекам, скарацца яму. Мяцеш падлогу, а саломіна трапіць у шчыліну — хоць ты плач, хоць ты скач! — доўга будзеш драпаць венікам, а саломінка тырчыць у шчыліне, пакіўваецца на бакі і зьдзекуецца над табой.

За свой век старая Соня навучылася месьці падлогу, пад яе венікам сьмецьце паслухмянае, нібы зьвярына дрэсіроўшчыка, гоніць венік сьмецьце па хаце аж у мяцельнік.Наогул — рэчы слухаюцца Соні.

Міскі і тарэлкі пастроіліся на паліцы ў чынны шэраг, нямудры струмант, што да гатаваньня ежы, атайбаваўся ў кутку ля печы, драўляныя кружочкі на гладышох неўтрапенна пабліскваюць — у дрэва бляск матавы — на сонцы.

Людзі ня надта слухаюцца Соні — вось дзе бяда куды большая. Нават родны сын — падшыванец Мотка — маці старую у сьлёзы ўводзіць. Каб хаця ў хаце што зрабіў, дапамог ёй — не малы-ж, дзевяты год пайшоў. Дык дзе там! У яго інтарэс свой, у яго сваё жыцьцё — местачковая вуліца.

Задумалася Соня. Стаіць пасярод хаты, венік ў руках трымае, глядзіць у вакно. Дый хіба ў вакно? Вакна Соня ня бачыць, ня бачыць і ката, што абнюхвае гладыш на падваконьніку. — У сярэдзіну сваёй старай істоты, у думы матчыны ўзіраецца Соня. І часта так думае Соня аб старасьці, аб тым, што мужык — Беня-балагол — ледзь ногі валачэ, дый конь… Што конь? Хіба на ім доўга паезьдзіш? Стары конь. Сьлепаваты на вока. Ужо некаторы месяц чуе па начох Соня, як ўздыхае — дужа цяжка — у хляве конь.

— Добры дзень у хату!

Ай, ай! Чужы чалавек прышоў, а тут хата нямеценая, ложак незасланы, дый сама — ці мала што можа падумаць чужы чалавек.

— Сядайце, таварыш, вось тут… Я яшчэ не пасьпела, — засьпяшалася Соня.