Старонка:Наша сонца (1932).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

— Нічога, нічога, — адказвае Андрыенка. — Я на хвілінку толькі. Ня турбуйцеся. Я прышоў пагаварыць з вамі аб Мотку.

Сьляза пакацілася па матчыны твары (буйная, празрыстая, яна здавалася жоўтай — жоўтым быў твар старое).

— Дрэнна яму, — уздыхнула яна. — Ён і здаровым ледзь дыхаў, а тут яшчэ… Ведама, у горы гадаваўся, ён у мяне шосты…

Андрыенка яе суцешыў. Доктар сказаў, што нічога сур’ёзнага няма, ну, ведама, п’яны разбойнік асабліва не глядзеў, куды біў, але нічога — скора ўстане. Ён — Андрыенка — прышоў па справе. Ён хоча, каб яна верыла яму, дармо, што ён не яўрэй. Але ён вораг антысэмітаў. Ён хоча судзіць царкоўнага старасту за расправу над безабаронным дзіцём. Ён прышоў да яе, маткі, каб учуць яе асабістую думку наконт гэтае справы.

— Не, не, таварыш, лепш не пачынайце, — спужалася старая Соня. — Вы такія словы кажаце, што хоць да болькі прыкладай — загаіцца. Але я вас прашу… Нашто чапацца з гэтым… каб ён дахаты не патрапіў, злыдух!..

Андрыенка настойваў на сваім.

— Але-ж так пакінуць гэтага факту няможна. Царкоўны стараста — злачынец, ну, а савецкі закон такім не даруе. Хіба вы баіцеся каго-небудзь?

Пытаньне трапіла ў самы цэнтр.

Зноў, як шмат разоў да гэтага, паўстаў перад Андрыенкам магутны закон старога, жахлівы закон, што перашкаджаў, што замінаў хадзе таго новага, што прынесла з сабой рэволюцыя.

— Ці-ж вы ня ведаеце сілы Кранцэвіча? Ды за яго-ж усё мястэчка сьцяной стане, нічога ня выйдзе з судоў тых… Толькі ворагаў на старасьць нажыву, — і яна прыкра махнула рукой; гэты гэст сказаў больш за словы, гэты гэст быў трагічным.

Андрыенка разьвёў рукамі.

— Цётка Рабіновіч, слухайце, цётка Рабіновіч! Дзе вы жывяце, га? Ну, скажэце мне? У савецкай Баларусі, дзе усе працоўныя ўсіх нацый роўныя, браты… А вы нечага баіцеся.