Старонка:Наша сонца (1932).pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

як у горадзе, на вялікай фабрыцы, куды Жэня езьдзіла на практыку.

Без мяне мяне жанілі,
У арцелі я была…

Стукаюць візгатлява — машыны, пяюць работніцы, выпяваюць сваю работу, аднатоннасьць сонную гоняць песьню:

Прыяжджаю я дахаты,
Усе віншуюць з маладым.

А ў Жэнінай галаве конвэер думак клапатлівых, нявырашаных пытаньняў, нявыказаных ідэй… «Трэба будзе — думае Жэня — выправіць на якія два дні дзяўчат на фабрыку ў горад. Хай паглядзяць, як шыюць там».

Песьня работніц бярэ такі тэмп, за якім ня ўгоняцца нават калёсцы зінгераў: а хочацца, каб песьню дагнаць работай, каб пас нагрэўся, каб пэдаль сама падкідала нагу, — вялікая радасьць, калі ўпрацуецца чалавек. Спачатку цела не паддаецца настойлівым намаганьням развагі, яшчэ не забыліся цягліцы на ўчорашнюю стомленасьць, вяла ходзяць рукі, нага блытае раскачку калёсца. А потым — нібы алеем падмажуцца цягліцы, а потым — пот дробным шклярусам заблішчыць на твары, песьня паддасьць — і пашло шыцца, страчыцца, рубіцца палатнянае, паркалёвае, картовае, суконнае.

— Жэня! — гэта старшая майстарка падыйшла. — Што гэта ты раптам так зьбялела?

Упартыя пастаўленым пытаньнем утаропіла вочы на Жэню, сваёй высокай постацьцю захінула яе ад усёй майстэрні.

— Напэўна… змарылася…

— А ты ідзі адпачні, дзьве зьмены ніводзін чалавек не прастоіць. Не сьцеражэшся ты, Жэня, — і даўгім пальцам з бліскучым напарсткам паківала на яе.

— Вось тут заказы ўпарадкаваць трэба… Думала сёньня… Ты ўжо, калі хто прыдзе, зрабі…

— Добра, добра. Ідзі ўжо, — бяручы за плечы, выправоджвала Жэню на вуліцу.