Мякка лёг на чырвоны стол жоўты портфель судзьдзі Навіцкай — ад гэтага портфелю дый ад скураной дзяжуркі судзьдзі забегалі па залі промні.
Пайшлі формальнасьці.
Потым раптам пагасло сьвятло. І ўжо ў цемры — праз яе наступіла ў залі млосная цішыня — мэталічным стукам адзвоньваліся словы Навіцкай:
— Таварыш комендант! Прывядзеце падсуднага.
Недзе рыпнулі дзьверы. Пачуліся крокі. Пстрыкнуў выключатель: на сцэне стаяў, азіраючыся — позірк трапляў на міліцыянэраў, што стаялі па абодвых бакох — Кранцэвіч. Заля ахнула ад нечаканасьці: думалі, што сьвятло пагасла выпадкова.
— Лоўка!.
Гэта правяраўся мэтод.
— Вам прад’яўлена абвінавачаньне, — падсудны Кранцэвіч, — пасьля анкетнага апытаньня зьвярнулася да царкоўнага
старасты судзьдзя. — Як паказала сьледзтва, вы не прызнаіцё сябе віноўны?
— Амгу, — адно прабурчэў у адказ падсудны, унурыўшы ў плечы спрэс аброслую чорным валосьсем галаву.
— Што вы можаце дадаць да паказаньняў сьведак?
Заля, напружыўшы чаканьне, застыла ў глыбокай і чыстай, нібы конскае вока, цішыні. Пад безьліччу позіркаў няўклюда паварочваў сваё грузкае тулава царкоўны стараста, і было такое ўражаньне, нібы пасадзілі яго на гарачае вугольле.
— Ну, Патапенка, ты-ж на экран глядзі, лаві на-ляту, — ціха сказаў Длугач. — Не падкачай, глядзі!..
Патапенка быў на трыбуне.
— Мы ўступаем у пэрыод будаўніцтва соцыялістычнай экономікі. Першы год нашай пяцігодкі паказаў, што ўсе прадпасылкі для пасьпяховага будаўніцтва соцыялістычнай індустрыі, для форсаваньня тэмпаў колектывізацыі пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі ў нас ёсьць.