IX
Мы едзем некалькі дзён. Зьяўляюцца першыя аэропляны. Мы праяжджаем паўз транспортныя цягнікі. Гарматы, гарматы!.. Мы перасаджваемся на палявую чыгунку. Я шукаю свой полк.
Ніхто добра ня ведае, дзе ён разьмешчаны. Начую, дзе прыпадзе, здабываю раніцою харчу і атрымліваю вельмі блытаныя паказаньні. Пасьля я зноў выпраўляюся ў дарогу з ранцам і вінтоўкай.
Калі я прыходжу, нікога з нашых ужо няма ў разбураным мястэчку. Я даведваюся, што мы ўвайшлі ў склад лятучай дывізіі, якую перакідваюць туды, дзе становішча няўстойлівае. Гэта ня цешыць мяне.
Мне расказваюць пра буйныя страты, якія мы панесьлі. Я спрабую даведацца пра Ката і Альбэрта. Пра іх ніхто нічога ня ведае.
Я чакаю далей і блукаю наўкола. Гэта дзівоснае адчуваньне. Яшчэ адну ноч, яшчэ другую я вандрую як індэец. Пасьля я здабываю пэўныя весткі і а поўдні зьяўляюся ў палкавую канцылярыю.
Фэльдфэбель затрымлівае мяне тут. Рота зьвернецца праз два дні. І няма сэнсу пасылаць мяне да яе.
— Як правялі водпуск? — пытаецца ён. — Добра, га?
— Ды як сказаць, — кажу я.
— Так, так, — уздыхае ён.
— Калі-б ня трэба было зьвяртацца назад… Другая палова з-за гэтага заўсёды сапсутая.
Я бадзяюся па аколіцы да тае пары, пакуль на другі дзень не зварочваецца рота, шэрая, брудная, змораная і хмурная.
Я ўсхопліваюся і праціскаюся паміж іх. Мае вочы шукаюць: вось Т’ядэн, вось сапе Мюлер, а вось і Кат з Кропам! Мы расьцілаем побач свае саламяныя матрацы. Я адчуваю на сабе нейкую вінаватасьць, калі я гляджу на іх, хоць і бяз жадных да таго падстаў. Перад гэтым, як легчы спаць, я дастаю астачу бульбяных аладак і варэньня, каб пачаставаць іх.
Абедзьве верхнія аладкі крыху забросьнелі, але іх яшчэ можна есьці. Я бяру іх сабе і даю больш сьвежыя Кату і Кропу.
Кат жуе і пытаецца:
— Яны, напэўна, ад маткі?
Я сьцьвярджальна ківаю галавой.
— Добра, — гаворыць ён. — Гэта можна даведацца па смаку.