Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

Франц Вэхтэр ня можа ачуняць. Аднойчы яго ўвозяць і ён ужо больш не вяртаецца. Юзэф Гамахер тлумачыць:

— Яго мы ўжо больш ня бачым. Яны адвезьлі яго ў палату для сьмяротных.

— Якая палата сьмяротных? — пытаецца Кроп.

— Палата мерцьвякоў.

— Што гэта?

— Маленькая палата пры канцы корпусу. Туды перавозяць тых, хто знаходзіцца пры сьмерці. Там дзьве койкі. Яе ўсе так і называюць: «палата паміраючых».

— Але навошта яны гэта робяць?

— Каб потым было менш клопату. Акрамя таго, гэта выгадней, бо побач пад’ёмная машына ў трупярню. Магчыма, яны робяць яшчэ гэта дзеля іншых, каб ніхто не паміраў у агульнай палаце. Ды ім зручней даглядаць за ім, калі ён ляжыць адзін.

— Але ён сам?

Юзэф паціскае плячыма.

— Звычайна ён больш нічога не заўважвае.

— І кожны ведае пра гэта?

— Хто тут доўга быў, вядома ведае.

Па поўдні на койку Франца Вэхтэра кладуць новага параненага. Праз некалькі дзён яго таксама вывозяць. Юзэф робіць шматзначны гэст. Яшчэ шмат іншых прыносяць да нас і праз кароткі час зноў выносяць.

Часам ля коек стаяць родныя. Яны плачуць або памалу, саромячыся, размаўляюць. Адна старая жанчына ніяк ня хоча адыходзіць; але-ж нельга ёй тут быць праз усю ноч. На заўтра яна прыходзіць на-рана, але ўсё-ж дужа позна: калі яна падыходзіць да койкі, там ужо ляжыць другі. Ёй трэба ісьці ў трупярню. Яблыкі, якія яна прынесла, яна аддае нам.

Маленькаму Пэтэру ўсё горш і горш. Крывая яго тэмпэратуры выглядае вельмі брыдка, і нарэшце, да яго койкі пад’яжджае вазок.

— Куды, пытаецца ён.

— У перавязачную.

Яго паднімаюць. Але сястра схібіла: яна бярэ з круку яго форменую куртку і кладзе яе ў вазок, каб ня прыходзіць другі раз. Пэтэр адразу сьцяміў у чым справа і хоча выбрацца з вазка.

Яны трымаюць яго. Ён ціха крычыць: у яго-ж прастрэленае лёгкае.