Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

ваюцца адзін на аднаго і моўчкі, ня ведаючы што робяць, тупа, паслухмяна і бязьвінна забіваюць. Я бачу, як вялізарнейшыя вучоныя розумы сусьвету вынаходзяць сродкі і словы, каб зрабіць усё гэта яшчэ больш утончаным і зацяглым. І разам са мной бачаць гэта ўсе людзі маіх гадоў — у нас і там, на тым баку фронту, і разам са мной перажывае гэта ўсё маё пакаленьне на ўсім сьвеце.

Што пачнуць рабіць нашы бацькі, калі мы паўстанем, пойдзем да іх і патрабуем іх да адказу? Чаго чакаць ім ад нас, калі надыдзе час, што скончыцца вайна? На працягу шматлікіх год нашым адзіным жаданьнем было забойства — гэта было нашай мэтай і нашай існасьцю. Нашае веданьне жыцьця абмяжоўвалася сьмерцю. Чаго яны могуць чакаць пасьля гэтага? І што-ж будзе з нас?

Самы старэйшы ў нашай палаце — Левандоўскі.

Яму сорак гадоў і ён ужо дзесяць месяцаў ляжыць у нашым шпіталі з цяжкім параненьнем у жывот. Толькі за апошнія тыдні ён настолькі ачуняў, што, скурчыўшыся, крыху кандыбае.

Вось ужо некалькі дзён, як ён вельмі хвалюецца. Яго жонка напісала яму з маленькага мястэчка ў Польшчы, дзе яна жыве, што яна назапасіла досыць грошай, каб прыехаць да яго.

Яна ўжо ў дарозе і з дня на дзень павінна прыехаць. Левандоўскі страціў апэтыт да ежы, нават чырвоную капусту са смажанай каўбасой ён, ледзь крануўшыся яе, аддае іншым. Ён увесь час бегае з лістом па палаце, кожны з нас ужо прачытаў яго па некалькі разоў, бог ведае колькі разоў праглядаліся паштовыя штампэлі, ужо ледзь-ледзь можна прачытаць напісанае, — столькі там тлустых плям і сьлядоў ад пальцаў, і адбываецца тое, што нязьбежна павінна было адбыцца: у Левандоўскага ліхаманка і ён зноў прымушаны легчы ў пасьцель.

Ён два гады ня бачыў сваёй жонкі. У яе за гэты час нарадзілася дзіцё, і яна вязе яго з сабой. Але Левандоўскага цікавіць нешта іншае. Ён спадзяваўся, калі прыедзе жонка, атрымаць дазвол выйсьці на шпацыр. Бо зусім ясна: пабачыцца — гэта дужа добра, але калі сустракаешся з жонкай пасьля такога доўгага расстаньня, — хочацца іншага. Усё гэта Левандоўскі на працягу доўгіх гадзін абмяркоўваў разам з намі — на вайсковай службе з гэтых рэчаў сакрэту ня робяць. Ніхто ня бачыць у гэтым нічога дрэннага. Тыя з нас, якія ўжо атрымліваюць дазвол выходзіць, паказалі яму некалькі