Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

драўляная стрэльба, так што яму няцяжка было зьбіваць мне рукі да сінякоў; нарэшце я аднойчы дайшоў да такога шалёнства, што не разважаючы, кінуўся на яго і з такой сілай ударыў яго ў жывот, што ён расьцягнуўся лоўка. Калі ён надумаў паскардзіцца на мяне, ротны камандзір пасьмяяўся з яго і параіў яму быць больш ўважлівым: ён ведаў свайго Гімэльштоса і мэрам быў рады гэтаму выпадку. З мяне атрымаўся выдатны лазутчык па шафах; паступова я пачаў шукаць роўнага сабе ў прысяданьнях; нас пачынала трэсьці, як толькі мы чулі яго голас, але ўсё-ж мы не пакарыліся гэтаму ашалеламу паштоваму каню.

Аднаго разу, у нядзелю, у лягерах, калі Кроп і я несьлі праз двор з прыбіральні вядро на жардзіне, а Гімэльштос, пачысьціўшыся і прыфасоніўшыся напагатове да пагулянкі, праходзіў паўз нас, ён спыніўся перад намі і спытаўся, як падабаецца гэта работа, — мы зрабілі выгляд, што спатыкнуліся, і вылілі яму вядро на ногі.

Ён дайшоў да дзікай злосьці, але чаша нашае цярплівасьці была перапоўнена.

— За гэта пойдзеце ў цытадэлю! — крычаў ён.

Кроп ня вытрымаў.

— Сьпярша будзе расьледваньне, і тады мы дамо свае паказаньні, — сказаў ён.

— Як вы размаўляеце з унтэр-офіцэрам! — зароў Гімэльштос. — Вы з глузду зьехалі? Пачакайце пакуль вас запытаюцца. Што вы зьбіраецеся рабіць?

— Выкласьці ўсю праўду пра пана ўнтэр-офіцэра, — адказаў Кроп і ўзяў рукі па швох.

Цяпер толькі Гімэльштос заўважыў што здарылася, і, ні гаворачы ні слова, пайшоў. Праўда, раней чым зьнікнуць, ён пагразіўся:

— Я вам гэта прыпомню! — Але ўлада яго над намі скончылася. Ён яшчэ раз наважыўся прарабіць практыкаваньне на сьметнікавым полі «кладзіся, устаць, крокам марш!» Мы выконвалі яго загады (бо загад застаецца загадам і яго трэ’ выконваць), але рабілі гэта так марудна, што Гімэльштос гатовы быў дайсьці да роспачы. Паслухмяна асядалі мы на каленкі, пасьля на руку і г. д., а ён між тым у шаленстве падаваў другую каманду. Ён пасьпяваў асіпнуць раней, чымся мы пасьпявалі ўспацець. Ён пакінуў нас у спакоі. Праўда, ён называў яшчэ нас нягоднікамі. Але тут захоўвалася ўжо частка павагі.