Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

— Прыблізна так, — гаворыць Кат і рыхтуецца казаць вялікую прамову, — але прычына захавана ў іншым. Вось бачыш, калі ты навучыш сабаку жэрці бульбу, і потым падсунеш ёй кавалак мяса, дык ён усё-ж ткі схопіць кавалак мяса, бо гэткая яго ўжо натура. Калі ты дасі чалавеку кавалак улады, дык ён абыйдзецца акурат таксама: ён схопіцца за яе. Гэта робіцца зусім міжвольна, чалавек перш за ўсё зьвер, а потым ужо набывае глянец прыстойнасьці, як блін — бляск масла. Вайсковая служба ў тым і месьціцца, што заўсёды адзін мае ўладу над другім. Бяда іменна ў тым, што ў кожнага праз пару шмат улады; унтэр-офціэр можа цукаць радавога, лейтэнант — унтэр-офіцэра, палкоўнік — лейтэнанта так, што той з глузду зьедзе. А з прычыны таго, што ён гэта ведае, ён ужо загадзя імкнецца назапасіцца добрых звычак. Возьмем найпростую справу: мы зварочваемся з заняткаў і галодныя, як сабакі. А тут раздаецца каманда: «Запявай!» Ну, песьня сьпяваецца абы як, бо кожны рады, што яшчэ можа хоць зброю несьці. Роту вяртаюць назад і прымушаюць займацца яшчэ гадзіну для пакараньня. На зьвяртаньні зноў загадваюць: «Запявай!» І цяпер сьпяваюць як трэба. Для чаго-ж гэта робіцца? Ротны камандзір настоіў на сваім проста таму, што ў яго на гэта ёсьць улада. Ніхто не папракне яго, наадварот, на яго скажуць, што ён умее быць строгім. Гэта толькі дробязь, але ёсьць шмат і іншых спосабаў, пры дапамозе якіх з чалавека дзяруць скуру. Цяпер я ў вас запытаюся: каб быў чалавек на цывільнай службе, дзе-б ён мог дазволіць сабе падобнае, не атрымаўшы за гэта па мордзе? Гэта магчыма толькі на вайсковай службе. Вось бачыце, і гэта кожнаму затуманьвае галаву. І чым менш яму трэ’ было гаварыць на цывільнай службе, тым мацней гэта цяпер б’е яму ў галаву.

— Яны кажуць, што гэта дысцыцліна, — заўважвае Карж зьневажальна.

— Падставы ў іх заўсёды знойдуцца, — буркае Кат. — Магчыма яно і так, але дысцыпліна выяўляецца ў цуканьні. Растлумач ты гэта сьлесару, батраку або рабочаму, раскажы ты гэта простаму радавому, — а такіх з нас большасьць, — ён убачыць толькі, што з яго лупяць скуру, а потым ён трапляе на фронт і там ужо дакладна даведваецца, што было неабходна і што не. Так, калі простых салдат тут усё вытрымлівае, дык гэта, скажу я вам, нячувана! Гэта проста нячувана!