ўсе чэцьвера, у цяжкім, поўным чаканьня напружаньні і дыхаем як мага павольней.
Гэтыя першыя хвіліны ў масцы — рашаючыя. Ці не прапускае яна паветра — у гэтым пытаньне жыцьця і сьмерці. Я ведаю страшныя малюнкі з лазарэту: атручаныя газамі, марудна паміраючы ад задушэньня, выплёўваюць па кавалачках спаленыя лёгкія.
Я дыхаю асьцярожна, прыціснуўшы рот да патрону. Цяпер на зямлі сьцеляцца выпарэньні, зьбіраючыся ў кожнае паглыбленьне. Накшталт белай шырокай мэдузы, яны запаўзаюць у нашу варонку, яны ўсмоктваюцца ў яе. Я штурхаю Ката: лепш выпазьці на гару і ляжаць там, а ня тут, дзе больш за ўсё зьбіраецца газу. Але нам не шанцуе: зноў пачынаецца гураганны агонь. Здаецца — не знарады грымяць, а лютуе сама зямля.
З трэскам і сьвістам нешта чорнае ляціць да нас. Яно цяжка бразнула ля нас: выдраная з зямлі труна.
Я бачу як Кат кратаецца і падпаўзаю да яго. Труна ўпала на выцягнутую руку чацьвертага, які сядзіць у нашай яміне. Вольнай рукой ён наважваецца зьдзерці з сябе маску. Кроп у час падскоквае да яго, моцна праціскае яго руку да сьпіны і з сілай яе трымае.
Кат і я імкнемся вызваліць параненую руку. Покрыўка труны трэснула і трымаецца зусім нямоцна, нам лёгка яе зьдзерці і выкінуць мерцьвяка. Ён кулем падае ўніз, потым мы спрабоўваем рассунуць ніжнюю частку труны.
На шчасьце паранены траціць прытомнасьць, і Альбэрт можа нам дапамагчы. Цяпер нам няма чаго асьцярагацца, і мы работаем як умеем да таго часу, пакуль труна не пачынае з уздыхам паддавацца падсунутай пад яе рыдлёўкай.
Пачало віднець. Кат бярэ кавалак покрыўкі, падкладае яго пад разьбітую руку, і мы перавязваем яе бінтамі з усіх нашых індывідуальных пакетаў. Большага мы зараз ня можам зрабіць.
Мая галава ў супроцьгазе гудзе і трашчыць, яна гатова трэснуць. Лёгкія напружаны, яны атрымліваюць усё тое-ж гарачае скарыстанае дыханьне, жылы на скронях напухлі, я адчуваю, што задыхаюся.
Шэрае сьвятло прасочваецца ў нашу яміну. Вецер дзьме над могілкамі. Я высоўваюся за край варонкі.
У бруднаватым сьвітаньні я бачу перад сабой адарваную нагу, бот зусім цэлы. Я пасьпяваю ў адзін міг разглядзець усё гэта. Але