Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

нага суду будзе нямала клопатаў, нялёгка будзе скласьці яго з дробных кавалкаў у адно, у Мартэнса адарваны ногі, Мэйер забіты, Гемерынг забіты, сто двадцаць чалавек недзе ляжаць з цяжкімі параненьнямі; усё гэта жудасна, але што нам да таго? Мы-ж жывыя. Калі-б мы маглі іх выратаваць, — так тады мы кінуліся-б наперад, хоць-бы нам пагражала і сама сьмерць. У нас-жа вось д’ябальская настойлівасьць, хай калі мы толькі гэтага захочам; страху ў нас ня шмат — боязьнь сьмерці, праўда, ёсьць, але гэта іншая справа, гэта ідзе ад цела.

Але нашы таварышы мертвыя, мы ня можам ім дапамагчы, яны цяпер супакоены. Хто ведае, што яшчэ давядзецца нам перажыць? І вось мы хочам гарэзаваць, спаць або жэрці колькі ўлезе, і піць, і курыць, каб нашы дні ня былі пустымі. Жыцьцё коратка.

Жудасьць фронту згладжваецца, як толькі паварачваемся да яго сьпіной. Мы помсьцімся яму подлымі і зласьлівымі жартамі: калі хто памірае, — мы кажам, што ён «зашчаміў сабе азадак», і так гаворым мы аба ўсім. Гэта выратоўвае нас ад вар’яцтва; і пакуль мы яшчэ маем сілы гэта так прымаць, — мы можам супраціўляцца. Мы нічога не забываем. Тое, што пішуць ў газэтах пра «гумар» салдат, якія наладжваюць танцулькі, як толькі яны выходзяць з паласы абстрэлу, — мана. Мы робім усё гэта не таму, што поўныя гумару, — мы бадзёрымся таму, што інакш мы ня вытрымалі-б. Аднак гэтая хітрая штука ня доўга праіснуе: наш гумар з кожным месяцам набывае ўсё больш і болыш горкі прысмак.

І я ведаю: усё, што цяпер, калі мы на вайне, засела ў нас глыбока, як камень, — зноў усплыве пасьля вайны, і толькі тады пачнецца раскладаньне на жыцьцё і сьмерць.

Дні, тыдні, гады, якія праводзім мы тут, зьвернуцца ’шчэ раз, і нашы забітыя таварышы паўстануць тады і будуць ісьці з намі, нашы галовы прасьветляцца, у нас будзе мэта наперадзе, побач з намі будуць нашы забітыя таварышы, а пазадзі нас — гады фронту… Але супроць каго?..

Нядаўна тут недзе быў прыфронтавы тэатр. На сьцяне яшчэ вісяць пярэстыя афішы, якія вешаюць пра спэктакль. Шырока раскрыўшы вочы стаю я з Кропам перад імі. Мы ніяк ня можам уцяміць, што яшчэ існуюць падобныя рэчы. На афішы намалявана дзяўчына, апранутая ў сьветлую летнюю сукенку і з чырвоным глянсаваным паскам вакол ляжак. Аднэй рукой яна абапіраецца на балясы,