а другой трымае саламяную шляпу. На ёй белыя панчохі і белыя пантофлі, стройныя пантофлі са спражкамі і на высокіх абцасах. Пазадзі яе сьвеціцца сіняе мора з белымі грэбнямі хваляй. З боку сьвятла ўразаецца бухта. Гэта цудоўная дзяўчына з тонкім носам, чырвонымі вуснамі і доўгімі нагамі, надзвычайна чыстая, выпеставаная; яна, бязумоўна, бярэ ванну два разы на дзень, і ў яе ніколі ня бывае бруду пад пазногцямі, хіба толькі крыху пяску з пляжу.
Побач яе стаіць мужчына ў белых майтках, у сіняй блюзе і ў морскай кепцы, але ён цікавіць нас куды менш.
Дзяўчына на сьцяне здаецца нам нейкім цудам. Мы зусім забыліся на тое, што такія рэчы яшчэ існуюць на сьвеце, і зараз мы ледзьве даем веры сваім вачом. Прынамсі, мы некалькі гадоў ня бачылі нічога падобнага, нічога што хоць здалёк нагадвала-б жыцьцярадаснасьць, прывабнасьць і шчасьце. Гэты мірны час, якім ён павінен быць, — узбуджана адчуваем мы.
— Глянь толькі на гэтыя лёгкія пантофэлькі! Яна-б ня здолела прайсьці ў іх і аднаго кілёмэтру, — кажу я і адчуваю, што я сказаў глупства, бо проста бязглуздна думаць пра маршыроўку, гледзячы на такі малюнак.
— Сколькі ёй можа быць гадоў? — пытаецца Кроп.
Я мяркую:
— Ня больш за дваццаць два, Альбэрт!
— Тады яна старэй за нас.
— Не, ёй ад сілы семнаццаць, запэўняю цябе!
Нас ахопліваюць дрыжыкі.
— Альбэрт, вось-бы нам, як ты мяркуеш?
Ён ківае:
— Дома ў мяне таксама ёсьць белыя майткі.
— Белыя майткі, — кажу я, — але такую дзяўчынку…
Мы аглядаем адзін аднаго. Нам ганарыцца няма чым — аблезлае, латанае, бруднае абмундыраваньне на кожным з нас. Безнадзейна параўноўваць сябе з ім.
Тады мы перш за ўсё саскрабаем са сьцяны маладога кавалера ў белых майтках, як мага засьцерагаючыся, каб не пашкодзіць дзяўчыне. Гэтым ужо сёе-тое дасягнута. Пасьля Кроп прапануе:
— Трэба было-б пайсьці ў камеру пачысьціцца ад вошай.