Старонка:На дне акіяна (1939).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

— Я выпусціў гэта з-пад увагі, — сказаў Уэйбрыдж з відавочным аблягчэннем.

Пачалося тамлівае чаканне. Павольна працякалі мінута за мінутай, але шар не паказваўся, нішто не парушала спакою масляністай паверхні акіяна. Усе снасці былі ўсеяны людзьмі.

— Ну, вынырвай-жа, Эльстэд! — нецярпліва прагаварыў стары матрос з валасатымі грудзьмі, і ўсе падхапілі яго словы і пачалі крычаць, нібы ў чаканні падняцця занавеса ў тэатры.

Капітан сярдзіта зірнуў на іх.

— Разумеецца, калі скорасць павялічваецца менш, чым на два футы ў секунду, — сказаў ён, — Эльстэд прабудзе даўжэй. Мы не зусім упэўнены ў дакладнасці гэтай лічбы. Я не веру ў вылічэнні слепа.

Стывенс зараз-жа згадзіўся з капітанам. На працягу некалькіх мінут усе стаяўшыя на верхняй палубе маўчалі; затым Стывенс шчоўкнуў крышкай гадзінніка.

Калі дваццаццю мінутамі пазней сонца дасягнула зеніта, яны ўсё яшчэ чакалі з'яўлення шара, і ні адзін чалавек на судне не дазволіў сабе нават шапнуць, што надзеі больш няма. Першым выказаў гэту думку Уэйбрыдж. Ён загаварыў, калі ў паветры яшчэ не змоўк звон, які прабіў восем склянак[1].

— Недарма я не давяраў моцнасці шкла, -сказаў ён раптам Стывенсу.

  1. Склянкі — марскі пясочны гадзіннік. Кожная новая поўгадзінная склянка, прайшоўшая з пачатку вахты, адзначаецца ўдарам звона.