Старонка:На дне акіяна (1939).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

— Няўжо-ж вы думаеце... — перабіў Стывенс.

— Так, — адказаў Уэйбрыдж, прадастаўляючы астатняе ўяўленню Стывенса.

— Сам я не асабліва веру ў вылічэнні, — сказаў з сумненнем у голасе капітан, — і таму яшчэ не ўпаўне трачу надзею.

А поўначы судно павольна апісала спіраль вакол таго месца, дзе пагрузіўся шар, і белы прамень электрычнага пражэктара прабягаў, спыняўся і зноў расчаравана слізгаў па пустыннай паверхні фасфарэсдыруючай вады.

— Калі шкло не трэснула, і яго не расціснула, — сказаў Уэйбрыдж, — тады, чорт вазьмі, справа абстаіць у сто раз горш — значыць, сапсаваўся яго гадзіннікавы механізм, і ён яшчэ жыў і сядзіць там, на глыбіні пяці міль пад намі, заключаны ў сваім пузыры, у халоднай цемры, куды яшчэ ніколі не пранікаў прамень святла, і дзе не бывала ні адна чалавечая істота з таго самага дня, як утварыліся моры. Ён сядзіць там, пакутуючы ад голаду, смагі і страху і не ведаючы, ці памрэ ён ад недахопу ежы ці ад недахопу паветра. Апарат Майера, як відаць, хутка адмовіцца працаваць. Колькі часу ён можа дзейнічаць?.. Якія мы ўсё-такі нікчэмныя, — прадаўжаў Уэйбрыдж. — Там, унізе, на многа міль — вада, адна вада. Вадзяная пустыня ды неба. Два бяздонні!

Ён успляснуў рукамі, і ў гэты момант маленькая белая паласа бясшумна прабегла па небу, затым запаволіла рух і спынілася, ператварыўшыся ў нерухомую точку. Здавалася, на небе заззяла новая зорка.