Старонка:На дне акіяна (1939).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

Потым яна зноў слізганула ўніз і згубілася сярод адлюстраванняў зорак у светлай дымцы фасфарэсцыруючага мора.

Убачыўшы святло, Уэйбрыдж так і замёр з працягнутай рукой і адкрытым ротам. Ён закрыў рот, зноў адкрыў яго, крыкнуў вахценнаму: „Эльстэда ўбачыў!“ і кінуўся спачатку да Ліндлея, затым да пражэктара.

— Я яго бачыў, — сказаў ён, — там, за штырбортам[1]. Святло запалена, і ён толькі што вынырнуў з вады. Навядзіце туды пражэктар. Мы напэўна ўбачым яго калышучымся на паверхні, калі яго прыпадыме хваля.

Але толькі к рассвітанню ім удалося падабраць Эльстэда, калі яны ледзь не наткнуліся на шар. Некалькі матросаў, спусціўшыся ў шлюпкі, прымацавалі шар да ланцуга крана.

Як толькі снарад паднялі на судно, зараз-жа адвінцілі люк і заглянулі ў цёмную ўнутранасць шара.

Паветра ўнутры было гарачае, а гума ля адтулін размякла. Адказу на крыкі не было. Эльстэд, відавочна, ляжаў у непрытомнасці, зваліўшыся на дно шара. Карабельны ўрач упоўз унутр і перадаў Эльстэда на рукі людзям, якія стаялі звонку. На працягу некалькіх імгненняў немагчыма было зразумець, жывы ён ці мёртвы. Пры жоўтым святле суднавых ліхтароў відаць было, што твар яго блішчыць ад поту. Яго знеслі ўніз, у каюту. Аказалася, што ён не памёр, але знаходзіцца ў стане поўнага ўпадку сіл і пакутуе

  1. Штырборт — правы борт карабля.