Старонка:На дне акіяна (1939).pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

ных. "Мабыць, — рашыў Эльстэд, — гэта рознавіднасць марскога вожыка". Якіясьці маленькія істоты, некаторыя з вялікімі вачамі, іншыя сляпыя, здзіўляюча падобныя — адны на лясную вош, а другія на омараў, лена праплылі праз паласу святла і зноў зніклі ў цемры, пакінуўшы пасля сябе свецячуюся баразну.

Затым пырхаючыя дробныя рыбкі раптам павярнулі і кінуліся да шара, нібы стая шпакоў. Яны прамільгнулі над ім, як фасфарэсцыруючыя сняжынкі, а ззаду іх Эльстэд убачыў якуюсьці больш буйную істоту, якая набліжалася да яго.

Спачатку Эльстэд толькі няясна бачыў невыразны сілуэт, які аддалёна напамінаў ідучага чалавека, а затым дзіўная істота ўступіла ў прамень святла, адкідаемы лямпай, і спынілася, аслепленая. Эльстэд глядзеў на яе, скамянеўшы ад здзіўлення.

Гэта была якаясьці дзіўная хрыбетная жывёла. Яе цёмнапурпурная галава некалькі напамінала галаву хамелеона, але высокі лоб і чэрап, якога не мае ні адзін паўзун, і вертыкальнае палажэнне твару надавалі яму здзіўляючае падабенства з чалавекам.

Два вялікія выпуклыя вокі выдаваліся з упадзін, як у хамелеона, а вакол шырокага рота, як у паўзуноў, відаць былі пакрытыя цвёрдай скурай губы пад маленькімі ноздрамі. На месцы вушэй былі дзве велізарныя жаберныя шчыліны, з якіх выходзілі разгалінаваныя ніці карычневага колеру, падобныя на дрэвавідныя жабры ў маладых скатаў і акул. Але не твар, падобны на чалавечы, быў самым дзіўным у гэтай істоты, — істота была двуногая.