Старонка:На дне акіяна (1939).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

толькі сцены, без крыш; яны был! зроблены, як Эльстэд пазней заўважыў, з фасфарэсцыруючых касцей, і ўвесь горад здаваўся збудаваным з адлюстраванага ў вадзе святла месяца.

Ва ўглыбленнях унутры горада відаць былі водараслі і марскія ліліі, якія раскачваліся, нібы дрэвы, і размахвалі сваімі шчупальцамі, а высокія, стройныя, празрыстыя, як шкло, губкі ўздымаліся ўверх, нібы бліскучыя мінарэты, або вытканыя з бледнага святла кветкі. На адкрытых плошчах Эльстэд заўважыў якісьці рух — нібы натоўпы народу; але ён знаходзіўся вельмі высока, каб адрозніць асобныя твары ў гэтым натоўпе.

Затым шар павольна падцягнулі ўніз, і дэталі горада пачалі вырысоўвацца ясней.

Эльстэд убачыў, што контуры туманных будынкаў акаймлёны, нібы каралямі, радамі якіхсьці круглых прадметаў; ён заўважыў таксама, што ў некалькіх месцах, унізе, на шырокіх адкрытых плошчах, знаходзіліся якіясьці збудаванні, абрысамі нагадваўшыя аброслыя ракавінамі судны.

Павольна, але няўхільна шар апускаўся ўніз, і сілуэты пад ім станавіліся больш яснымі, лёгка адразняльнымі. Шар прыцягвалі да вялікага збудавання пасярод горада, і Эльстэд часам мільком бачыў натоўп істот, якія цягнулі канат. Дзіўныя збудаванні на плошчах былі ўсеяны жэстыкулюючым і разглядваўшым шар натоўпам. Раптам перад позіркам Эльстэда бясшумна падняліся сцены вялікага будынка і скрылі горад.

Што за дзіўныя сцены, састаўленыя з прапітаных вадою бярвенняў, скручанага дроту, асколкаў жалеза