Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

„Панскі дух“.

(Быль).

Прысады цягнуліся ад маёнтку да самай вёскі. Два шэрагі шумлівых старасьвецкіх ліп былі жывым ланцугом, які пачынаўся ад панскіх пышных палацаў і канчаўся шэрай убогай вёскай.

Такім чынам, вёска і маёнтак былі як-бы адным агромністым целам, аднэй істотай або спарышамі, якія розьніліся між сабою па выгляду і тым, што напоўнена ў іх.

Крэўнасьць паміж вёскай і маёнткам была вялікая: і маёнтак і вёска называліся Зырачанамі — насьледак ад старых паноў Зырачанскіх, род якіх цягнецца да самага патопу, гэрб якіх красаваўся пекнай разьбой ва ўсіх старых пакоях панскіх палацаў.

Панскі дух лунаў над усёй ваколіцай…

Панскі бізун і мужычая сьпіна калісьці яшчэ болей узмацоўвалі «крэўнасьць» паміж панам і мужыком. Рамантычнае «калісьці» пакінула, свае пасьледкі да самай рэвалюцыі: лепшыя землі, лепшыя лугі і ўсе лясы засталіся пасьля паншчыны ў паноў. Мужыку прыходзілася шапкаваць перад панам і кленчыць, каб пан дазволіў яму сухастоечку вырубаць сабе на дровы або гаўяду пасьвіць на панскіх пасеках.

Крэўнасьць паміж вёскай і маёнткам была моцная. Яна выяўлялася ў кожнай драбніцы жыцьця і перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне, ад дзядоў да ўнукаў. Перадавалася гэта «крэўнасьць» праз вялікую векавую ненавісьць паміж панам і мужыком, якая кіпела ў кожнай кроплі крыві гэтых двух родаў…

Панскі дух стварыў гэтую ненавісьць…

Шумелі старыя каравыя ліпы, углядаліся ўніз на сьляды мужычых лапцёў і панскіх лякіровак і ківалі вершалінамі, як-бы хаваючы вялікую таямніцу, чакаючы нечаканага — вызваленьня ад панскага духу.

І таемнае «нечаканае» прышло. Настала воля. Паны ўцяклі, але застаўся ў Зырачанах «панскі дух», — як гаварылі сяляне, — асталося пачуцьцё «крэўнасьці» паміж панам і мужыком на кожным кроку, на кожнай лапінцы зямлі.