Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

Панас на небе.

(Подлуг народнай казкі).

Памёр стары Панас.

Яго цела пахавалі на могліцах, а душа, як усе людзкія душы, жаўранкам на неба паляцела.

Панас, папаўшы ў незнаёмае месца пачаў азірацца па бакох і скора ўцяміў, як і што: «Эт, язык да Кіева давядзе. Хто пытае, той ня блудзіць». І давай у стрэчных-папярэчных дапытвацца:

— Адзе-ж тут, пане-дабрадзеі, дарога ў рай?

Скрыдлатыя анёлы казелілі вочы на простую душачку, а ўсё-ж ткі паказвалі дарогу ў рай, пэўныя, што тут ніякіх хітрыкаў няма; а калі чалавек так упарта смалой ў вочы лезе, дык гэта ня хаханкі якія.

Бокам-скокам і — Панас дабраўся да райскай брамы.

— Гэй! — крыкнуў Панас знадворку: — пусьці, дзядзька, у рай!

— А хто гэта там горла дзярэць? — адазваўся ключар Пятро з другога боку.

— Гэта, я!

— А хто ты?

— Ну, я-ж! адчыні, дзядзька, браму!

— Бач, ты, які спрытны! А што ты там на зямлі рабіў? Будзь ласкаў сказаць!

Тут Панасу троху моташна зрабілася. Успомніў ён, як аднаго разу перад папом шапкі ня зьняў. Успомніў ён, як маці яго памёрла, дык ён ня скора крыж на магіле ставіў, пакуль яму не удадося ўкрасьці сасну з панскага лесу. І яшчэ шмат чаго прыпамінаў ён і пачаў чухаць патыліцу.

— Як цябе завуць? — запытаўся ключар Пятро й высунуўся трохі з-за брамы, аглядаючы Панаса з галавы да ног.

— Панас, палахліва, як перад вураднікам стоячы, адказвае Панас і апускае вочы.

— Маліўся? — сур’ёзна пытаецца далей Пятро.

— Часамі… — бармоча Панас, азіраючыся па бакох, як-бы ратунку шукаючы.