Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

Бавэлчык задрыжэў, як ясінавы ліст; зубы ў яго забарабанілі і ён задушаным голасам замарматаў:

— Зьлітуйцеся, браткі…

— Ідзі, сукін сын, калі прыказваюць!

Бавэлчык не хацеў ісьці, але прыклады паўстанцаў падалі ахвоты.

Ніхто з грамады людзей Бавэлчыка не бараніў. Усе маўчалі.

Паўстанцы разам з Бавэлчыкам зьніклі паміж дрэў. Вогнішча, весела гарэла. Прабудзіліся дзеці і пачалі забаўляцца пры вагні. Ніхто з дзяцей ужо больш не баяўся шумець і забаўляцца старшыя ім не забаранялі.

Праз колькі хвіль увесь барок уздрыгнуўся ад грымотлнага стрэлу.

Пошчакі насіліся з усіх бакоў працягла і жудасна. Людзі ўсе падскочылі на сваіх мясцох. Дзеці спалохаліся і некаторыя з іх пачалі плакаць.

— Бавэлчык дастаў паводлуг заслугаў — глуха, прагаварыў дзед і спакойна задыміў люльку.

Менск, 1923 г.